адзе́цца, адзенуся, адзенешся, адзенецца; зак.

1. Надзець на сябе вопратку. [Лабановіч] кінуў скрыпку на стол.. і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў. Колас. Гушка прыйшоў у хату, сеў, радасна адчуваючы спачын, пасля вымыўся, адзеўся ў лепшую адзежыну. Чорны. // Апрануцца кім‑н. Адзецца дзедам-марозам.

2. Набыць сабе неабходнае адзенне. Хто ж адзецца, пракарміцца Паможа? Дзе падзецца, прытуліцца, Мой божа? Купала.

3. перан. Пакрыцца чым‑н. (звычайна — лісцем, травой і пад.). Лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)