Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да абурыцца. Пісар чытаў і разам з князем абураўся супраць кадэтаў, сурова хмурыўся і сярдзіта ківаў галавою. Колас. [Валя] хоць маўчыць, але слухае ўсё ўважліва, убірае сэрцам і ўсё больш абураецца ўчынкамі «камітэтчыкаў». Мележ.

абура́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абурыць. Тады.. [Якім] пакорна рабіў усё, што ні скажа Рыгорка, хаця іншы раз брыгадзірава несправядлівасць да людзей вельмі абурала яго. Дуброўскі.

абу́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абурыцца.

2. Зал. да абурваць.

абу́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абурыць.

абу́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Стаць абураным; разгневацца. [Раман] нёс у кішэні паперку на атрыманне саломы і загадзя ведаў, як абурыцца цешча, што не выпрасіў сена. Чарнышэвіч.

абуры́цца, ‑рыцца; зак.

Разм. Абрушыцца, абваліцца. Сцяна абурылася. □ Высокі, дужы ў плячах,.. [Міхалка], як бы наўмысля, падпёр плячыма Сузонаву хату, каб яна не абурылася. Галавач.

абу́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Давесці да абурэння; выклікаць незадавальненне, гнеў. Аднойчы.. [Карніцкага] асабліва абурыла работа Кандрата Сенькі, якому ён даручыў устаноўку слупоў для электралініі. Паслядовіч.

абуры́ць, ‑ру́, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Абваліць, абрушыць. Абурыць склеп.

абурэ́нне, ‑я, н.

Вельмі моцнае незадавальненне, гнеў. Поўныя гневу і абурэння, яны [творы] былі накіраваны супраць несправядлівасці самадзяржаўна-памешчыцкага ладу. Казека. [Віка].. не цярпела інтэнданта; але па строгаму абавязку не магла выказаць свайго абурэння. Вітка.

абу́так, ‑тку, м.

Вырабы са скуры або з іншых матэрыялаў, прызначаныя для нашэння на нагах. Вытворчасць абутку. Скураны абутак. Мадэльны абутак. □ Каля рэчкі дзяўчаты бегалі.. босыя, каб не замачыць у расе абутак. Кулакоўскі. Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў.

абутко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абутку. Абутковая прамысловасць. Абутковы магазін.

абу́тнік, ‑а, м.

Той, хто працуе ў абутковай прамысловасці. Нясуць працоўныя рапарты Першамаю.. стваральнікі новых станкоў і машын, абутнікі, швейнікі, харчавікі. «Звязда».