абжы́так, ‑тку, м.
У выразах: на абжытак, для абжытку — для задавальнення першай неабходнасці, першай у жыцці патрэбы. [Томчак:] — Адпусці. Усё, што ёсць у маім абозе, пакінем табе на абжытак. Бажко.
абжы́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць абжытага. І хоць падлога была чыста вымытая, грубка пабеленая, а на вокнах віселі паркалёвыя фіранкі — тут не было той абжытасці, якая стварае ўтульнасць, вабіць адпачыць, крыху забыцца на дзённыя турботы. Хадкевіч.
абжы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абжыць.
2. у знач. прым. Асвоены, прыстасаваны для жылля; добраўпарадкаваны. Абжыты дом. □ Вайна зрушыла з абжытых, наседжаных месц дзесяткі, сотні тысяч людзей. Новікаў.
абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.
2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.
абжы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак., што.
Асвоіць новае месца, зрабіўшы яго ўтульным, прыгодным для жыцця, прыстасаваць пад жыллё. Патрэбна будзе — абжыве Ён [малодшы сын] новую планету! Смагаровіч. Трэба ж даць лад свайму дому, Абжыць неабжыты пустыр. Колас.
абжэ́рціся, ‑жаруся, ‑жарэшся, ‑жарэцца; ‑жаромся, ‑жарацеся; пр. абжорся, ‑жэрлася; зак.
Разм. груб. Аб’есціся. З аўтаматам стаіць на дарозе маёй чужаніца. Ён абжорся нашым дабром. Панчанка.