абсыпа́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсыпа́ць — абсы́паць; абсыпа́цца — абсы́пацца.
абсы́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абсы́паць.
абсы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; зак.
1. Абваліцца, сыплючыся. [Корзун] напэўна не спяшаўся — сляды былі акуратныя, нават у апошняй ямцы сценкі абсыпаліся не больш, чым у астатніх. Шыцік.
2. Пакрыцца, усеяцца мноствам чаго‑н. Зорамі абсыпалася начное неба. Чарнышэвіч. // перан. Разм. Займець многа дзяцей. А як падрос [Барыс] — дык і зусім у ярмо ўпрогся, дзецьмі абсыпаўся, галотай... Нікановіч.
3. Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). Лісце даўно абсыпалася з дрэў. Бядуля.
абсыпа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да абсы́пацца.
2. Зал. да абсыпа́ць.
абсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.
1. Пасыпаць, пакрыць каго‑, што‑н. зверху чым‑н. сыпкім. Пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч. // Сыплючыся, раскідваючыся, пакрыць паверхню чаго‑н. Пялёсткі яблынь, збітыя начным цёплым дажджом, густа, амаль набела абсыпалі бераг. Хомчанка. // Пакрыць з усіх бакоў што‑н. Пушысты іней абсыпаў кожную галінку, кожную іголачку елак. Жычка. Вочы.. [жанчыны] былі шэрыя, строгія, валасы абсыпала сівізна. Новікаў. // безас. Пакрыць высыпкай. Губы абсыпала. // Уцяпліць што‑н., абкідаўшы зямлёю. Абсыпаць хату.
2. Абтрэсці што‑н. з чаго‑н. [Мікіта] стаяў, як ук[о]паны, каб не варухнуць нагою, каб не абсыпаць з ботаў на падлогу.. гразь. Галавач.
3. перан.; чым. Шчодра абдаць каго‑н. чым‑н. Абсыпаць падарункамі. Абсыпаць кампліментамі. Абсыпаць пацалункамі.
абсыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абсы́паць.
абсы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсыпаць (у 1 знач.).
2. Разм. Высыпка, сып.
3. Вобмешка. [Рыгор:] Цяпер бы толькі кармы, хаця бульбы ўволю. Пра абсыпку я ўжо не кажу. Шашкоў.
абсыпны́, ‑ая, ‑ое.
Які абсыпаюць чым-небудзь пры вырабе. Абсыпное манпансье.
абсыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абсохнуць.
абсява́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да абсяваць.
абсява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абсеяць. Ужо імгла над зямлёю лажыцца, Чорнай рызай усё пакрывае, Пылам зор небасхіл абсявае. Багдановіч.
абся́г, ‑у, м.
1. Прастора, якую можна акінуць, ахапіць вокам; абшар; далягляд. Адсюль, з пагорка, перад чалавекам раскрываецца ўвесь абсяг. Даніленка. Палікар Сцяпанавіч, як сядзеў, адразу ўспомніў учарашні абсяг палёў навокал. Грамовіч.
2. перан. Сфера, галіна дзейнасці каго‑, чаго‑н. Увесь абсяг маіх інтарэсаў у асноўным абмяжоўваўся пытаннямі культуры. Сабаленка.