адча́львацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адчальваць (гл. адчаліць у 1 знач.).
адча́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адчаліць.
адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.
1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.
2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.
3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.
адчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.
1. Расчэпліваючы, аддзяліць што‑н. прычэпленае. Шаманскі спрытна адчапіў плугі, і трактар лёгка пабег наперад. Дуброўскі. Зняў [Алесь] ватоўку, скруціў яе і перавязаў аборкай, якую адчапіў ад ашыйніка сабакі. Ваданосаў.
2. Зняць што‑н. начэпленае. Адчапіць значок.
адчапны́, ‑ая, ‑ое.
Такі, які можа быць адчэплены.
адчаранкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Адсадзіць чаранок якой‑н. расліны.
адчарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; зак., што.
Тое, што і адкрэсліць.
адчаса́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адчасаць.
адчаса́ць, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., каго-што.
1. Чэшучы, сякерай зняць частку чаго‑н. Адчасаць край дошкі.
2. Разм. Адсцябаць, набіць. [Сёмка:] — Была навука, Сеў у панскія сані без друка, Мяне і адчасалі бізунамі. Глебка.
адчастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.
Разм. Пачаставаць каго‑н.; аддзякаваць пачастункам за пачастунак. Сабастыян Рамашка пачаў тут расказваць, як Савасцей Панебра пасля надумаўся быў чым-небудзь падобным адчаставаць жонку. Чорны.