адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.
1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.
2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.
3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)