адно́сіна, ‑ы, ж.
1. Лік, які атрымліваецца ад дзялення адной велічыні на другую. Геаметрычная адносіна. Лік, які паказвае, колькі працэнтаў дадзены лік складае ад другога ліку, называецца працэнтнай адносінай.
2. Дзелавая папера з запытаннем ці паведамленнем аб чым‑н. Сяргей пачаў разбіраць прысланыя ўчора адносіны і распараджэнні. Шахавец.
адно́сіны, ‑сін; адз. няма.
1. Характар паводзін, абыходжання каго‑н. з кім‑, чым‑н. Выхаваць сацыялістычныя адносіны да сродкаў вытворчасці. □ Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы. Шамякін. Дзеці нейкім сваім дзіцячым пачуццём разбіраюцца ў шчырасці дарослых, у адносінах іх да сябе. Васілевіч. // Погляд на што‑н., разуменне чаго‑н. Камуністычныя адносіны да працы.
2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі ці краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці, суіснавання. Дыпламатычныя, гандлёвыя, эканамічныя адносіны. Адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таварыскія адносіны.
3. Узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў. Адносіны прычыны да выніку. Пытанне аб адносінах свядомасці да матэрыі.
4. Дачыненне да каго‑, чаго‑н., сувязь з кім‑, чым‑н. І прозвішча яго — Дарожка — ніякіх адносін, здаецца, да дзятлаў не мае. Якімовіч.
•••
Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.
У адносінах да каго, чаго — ужываецца ў якасці прыназоўніка са значэннем напрамку дзеяння.
адно́сіцца, ‑ношуся, ‑носішся, ‑носіцца; заг. адносься; незак.
1. Незак. да аднесціся.
2. Уваходзіць у састаў, разрад чаго‑н.; належаць да ліку якіх‑н. з’яў, прадметаў. Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. В. Вольскі. Самае галоўнае, што нас яднала, — гэта тое, што мы адносіліся да ліку пакрыўджаныя. Дамашэвіч.
3. Быць аднесеным да пэўнага часу, быць звязаным з пэўным перыядам. Першыя паэтычныя вопыты Янкі Купалы адносяцца да 1902 года.
4. Знаходзіцца ў пэўнай адпаведнасці, суадносінах з чым‑н. // Даваць пры дзяленні на другі лік пэўную дзель (заўсёды ў параўнанні з другой парай велічынь). Дзевяць адносіцца да трох, як тры да аднаго. Плошчы двух трохвугольнікаў адносяцца, як здабыткі іх асноў да вышыні.
5. Зал. да адносіць.
адно́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць; заг. аднось.
Незак. да аднесці.
адно́сна,
1. прысл. У нейкай меры, ступені; больш ці менш; параўнальна. Цяпер.. [юнакі і дзяўчаты] адносна ціха, паддаўшыся агульнаму настрою, адпачываюць у цяні. Брыль.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «адносна» выражае аб’ектныя адносіны: прыназоўнік паказвае на асобу, прадмет або паняцце, да якога мае дачыненне тое, што выказваецца. Адносна гэтай справы яшчэ нельга нічога сказаць. □ У нас няма сумнення адносна адзінай ідэйнай прыроды сучаснай савецкай літаратуры сацыялістычнага рэалізму. Перкін.
адно́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць адноснага (у 1 знач.). Матэрыялістычная дыялектыка Маркса і Энгельса безумоўна ўключае ў сябе рэлятывізм, але не зводзіцца да яго, г. зн. прызнае адноснасць усіх нашых ведаў не ў сэнсе адмаўлення аб’ектыўнай ісціны, а ў сэнсе гістарычнай умоўнасці межаў набліжэння нашых ведаў да гэтай ісціны. Ленін.
•••
Тэорыя адноснасці гл. тэорыя.
адно́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца пры супастаўленні, параўнанні з чым‑н.; рэальны, правільны толькі пры пэўных умовах. Абсалютная і адносная ісціна. □ [Заранік:] — А наконт глухамані, дык гэта разуменне адноснае: не такія мясціны ў нас ператвараюцца, ды так шпарка, што, прыехаўшы туды сёння, вы не пазнаеце, што было там учора. Хадкевіч. // Прыкметны толькі пры супастаўленні з чым‑н. менш значным, адчувальным; параўнальна невялікі. Але генерал.. меў рацыю: гэта было адноснае зацішша. Мележ.
2. У граматыцы — які паказвае адносіны да чаго‑н., між чым‑н. Адносны прыметнік. Адносны займеннік.
адно́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аднавіць.
адно́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аднасіць.
аднясе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адносіць — аднесці.