Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карабе́ль, ‑бля, м.

Вялікае марское судна. Ваенны карабель. Акіянскі карабель. Служыць на караблі матросам. □ Па разгойдан[ым] бурлів[ым] моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Зарэцкі.

•••

Карабель-спадарожнік — касмічны карабель, выведзены на арбіту спадарожніка Зямлі.

Касмічны карабель — лятальны апарат, прызначаны для палёту чалавека ў космас.

Лінейны карабель — вялікі, добра ўзброены ваенны карабель, прызначаны для правядзення буйных аперацый; лінкор.

Паветраны карабель — дырыжабль або цяжкі самалёт.

Спаліць свае караблі гл. спаліць.

[Ад грэч. kárabos.]

карабе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карабля, належыць караблю. Карабельныя снасці. Карабельны журнал. Карабельны грум. // Які служыць на караблі. Карабельны ўрач. // Прызначаны для будаўніцтва і рамонту караблёў. Карабельная сталь. Карабельная верф.

•••

Карабельны лес гл. лес.

карабе́льшчык, ‑а, м.

1. Уст. Уладальнік карабля. // Той, хто плавае на караблі.

2. Разм. Тое, што і караблебудаўнік.

карабі́н 1, ‑а, м.

1. Баявая вінтоўка з пакарочаным ствалом. Сержант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны.

2. Паляўнічая вінтоўка, з якой палююць на буйнога звера.

[Фр. carabine.]

карабі́н 2, ‑а, м.

Спружыновая зашчапка ў ланцужках, лейцах і пад., якая адкрываецца ўнутр.

[Фр. carabine.]

карабіне́р, ‑а, м.

1. Узброены карабінам салдат асобай вайсковай часці адборных стралкоў у арміях краін Заходняй Еўропы і Расіі да сярэдзіны 19 ст.

2. Жандар у Італіі.

[Фр. carabinier.]

карабіне́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карабінераў, складаецца з карабінераў. Карабінерны полк.

карабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Тое, што і карабін ​1. [Дзед] размахваў карабінкай, якою падарыў яго Сёмка-матрос. Лынькоў.

кара́бканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. карабкацца.

кара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Лезці ўгору, чапляючыся рукамі і нагамі, хапаючыся за што‑н.; караскацца. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. С. Александровіч. Учапіўшыся рукамі за пачарнелую траву на ўзбочыне, Соня карабкалася з канавы на дарогу. Курто. // Разм. Падымацца, узбірацца куды‑н. з вялікай цяжкасцю. Адразу, як толькі Марыя канчае свае справы з прарабам, карабкаемся ўдзвюх на трэці паверх. Васілевіч. З парасніку вытыркаецца фурманка і, нібы сонная, павольна карабкаецца на ўзгорак. Мурашка.

караблебудава́нне, ‑я, н.

Будаванне суднаў, а таксама навука аб іх будаванні.