Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

качава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. начаваць.

качава́ць, качую, качуеш, начуе; незак.

Весці неаселы спосаб жыцця, пераязджаць з месца на месца; вандраваць. На чоўне прасмоленым з даўніх часоў Па хвалях крутых качую. А. Вольскі.

качавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не мае аселасці; вандроўны. Качавыя плямёны.

2. Звязаны з частай пераменай месца жыхарства. Качавы лад жыцця адышоў у нябыт, калгасы будуюцца, як невялікія гарады. Скрыган.

3. Прызначаны для пражывання качэўнікаў; пераносны. Качавая юрта.

качага́р, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае топкі паравых катлоў. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ. — Эй, там, качагар, паддай агню ды добра сачы за парай! Краўчанка.

качага́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памяшканне, дзе знаходзяцца топкі паравых катлоў. Матросаў-неграў выселілі з кубрыка, і яны жылі ў вугальнай яме, у трумах, у качагарцы. Шамякін.

качага́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да качагара, качагаркі. Качагарная брыгада. Качагарнае аддзяленне.

качага́рыць, ‑гару, ‑гарыш, ‑гарыць; незак.

Разм. Працаваць качагарам.

кача́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца. — Ты помніш, Вера, Адэсу, Люсдорф? — гайдануўшыся ў качалцы, спытаўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Цёплымі вечарамі, усеўшыся ў качалцы, падоўгу адпачываў [Стальноў] на балконе. Шашкоў.

кача́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Круглая палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем. Слаўлю чысты абрус, толькі што пакачаны качалкай, каляны, калі яго маці ў нядзелю раніцай засцілае на стол шырокі. Барадулін. // Прадмет падобнай формы. Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы. Колас. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Паслядовіч.

2. толькі мн. (кача́лкі, ‑лак). Прыстасаванне для разгладжвання, качання бялізны.

кача́н, ‑а, м.

Плод капусты: шчыльна звітыя ў галоўку капусныя лісты. Побач зелянелі густыя градкі морквы, завязваліся крамяныя качаны капусты. Якімовіч. Паўз дарогі жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі.

качанё,

гл. качаня.