Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кабы́з і ко́быз, ‑а, м.

Казахскі струнны смычковы музычны інструмент.

[Цюрк. кобыз.]

кава́ны і ко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад каваць (у 1, 2 і 3 знач.).

2. у знач. прым. Зроблены з металу каваннем. Каваны меч.

3. у знач. прым. Абабіты палосамі жалеза. Каваная скрыня. Каваныя драбіны.

4. у знач. прым. З падковамі, падкаваны. Каваныя коні. // З металічнымі падкоўкамі (пра боты, абцасы і пад.). Наперадзе, як ступа, Ішоў млынар Ігнат; Каваным ботам стукаў, Масніцы ўгінаў... Панчанка.

5. перан.; у знач. прым. Дакладны, выразны, пластычны (пра верш, стыль і пад.). Янка Купала з уласцівым яму майстэрствам перакладаў каваныя радкі «Меднага конніца». Лужанін.

канавя́зь і ко́навязь, ‑і, ж.

Прыстасаванне ў выглядзе гарызантальнага тонкага бервяна на слупах для прывязвання коней на адкрытым месцы. Каля .. [бальніцы] раслі старыя стромкія таполі і стаяла абшмуляная лейцамі канавязь. Грахоўскі.

капа́ны і ко́паны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад капа́ць.

2. у знач. прым. Вычасаны з дрэва, выкапанага з коранем; не гнуты (пра полаз).

касы́, а́я, ‑о́е і ко́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны, накіраваны пад вуглом да гарызантальнай паверхні; не адвесны. Касы лівень. □ Вось жанчыны дайшлі да рога вуліцы, і касы барвовы промень сонца ўдарыў ім у вочы. Мікуліч. Ішоў косы сцюдзёны дождж, на ветры разбіваўся і плыў несканчоным туманам. Скрыган. // Які ідзе нахільна да прамой лініі, перасякае што‑н. наўскос. Касы почырк. Сшытак у касую лінейку. □ Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Накіраваны ўбок, які ідзе збоку. Касы пагляд.

2. Скрыўлены, перакошаны, несіметрычны. Струхнелыя, абклееныя старымі афішамі, з касымі вокнамі і дзвярамі дамы нагадваюць катакомбы. Філімонаў. // Размешчаны збоку, не ў цэнтры. Касы каўнер. Насы прабор валасоў.

3. Касавокі. Услед за ім [Зосіным бацькам] пераступіў парог Васіль Бераг, малады і моцны, але.. сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары. Гартны. // Які глядзіць коса, косіць (пра вочы). Уласюк пагладзіў свае пышныя, чорныя вусы, зірнуў на Лабановіча касымі вачамі. Колас.

4. перан. Недружалюбны, падазроны, недаверлівы (пра позірк, погляд). [Містэр Лаяна] бачыў і панурыя твары, і касыя позіркі, і тлеючыя аганькі нянавісці ў апушчаных вачах. Лынькоў.

5. у знач. наз. касы́, ‑ога, м. Разм. Заяц. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Мікола ўсміхнуўся — пашанцавала касому! Краўчанка.

•••

Касы парус гл. парус.

Касы трохвугольнік гл. трохвугольнік.

Касы сажань у плячах гл. сажань.

У касы сажань ростам гл. сажань.

ко́бальт, ‑у, М ‑льце, м.

1. Хімічны элемент, серабрыста-белы метал з чырванаватым адлівам, цвярдзейшы за жалеза.

2. Цёмна-сіняя фарба, у састаў якой уваходзіць кобальт.

[Ням. Kobalt.]

ко́бальтавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кобальту, змяшчае ў сабе кобальт. Кобальтавая руда. Кобальтавая сталь.

2. Колеру кобальту; цёмна-сіні.

ко́бза, ‑ы, ж.

Старадаўні ўкраінскі шчыпковы струнна-музычны інструмент. Іграць на кобзе.

ко́бра, ‑ы, ж.

Ядавітая змяя сямейства аспідавых з плямамі на шыі.

[Ад партуг. cobra — змяя.]

ко́ваны,

гл. каваны.