Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каўбаса́ і кілбаса́, ы́; мн. ‑ба́сы (з ліч. 2, 3, 4 каўбасы́, кілбасы́), ‑ба́с; ж.

Прадукт харчавання з асоба прыгатаванага мяснога фаршу ў кішачнай або штучнай абалонцы. Сухая каўбаса. Бараная каўбаса. Свіная кілбаса. Ліверная кілбаса. □ На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас.

каўба́снік і кілба́снік, ‑а, м.

Той, хто вырабляе або прадае каўбасу, кілбасу.

каўба́сны і кілба́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да каўбасы, кілбасы. Каўбасная вытворчасць. Кілбасны пах. // Прызначаны для вырабу каўбасы, кілбасы. Каўбасны цэх. Кілбасная фабрыка.

2. у знач. наз. каўба́сная, ‑ай, ж. Уст. Магазін, які гандлюе каўбасой і іншымі мяснымі вырабамі. Зайсці ў каўбасную.

кібернетызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Увесці (уводзіць) метады кібернетыкі, выкарыстаць (выкарыстоўваць) метады кібернетыкі. Кібернетызаваць апрацоўку тэксту.

кібернетыза́цыя, ‑і, ж.

Увядзенне метадаў кібернетыкі. Кібернетызацыя сучаснай навукі.

кіберне́тык, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне кібернетыкі.

кіберне́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Навука аб агульных заканамернасцях працэсаў кіравання і сувязі ў арганізаваных сістэмах (машынах, жывых арганізмах, іх аб’яднаннях і інш.).

[Ад. грэч. kybērnetikē — майстэрства кіраваць.]

кібернеты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кібернетыкі. Кібернетычная машына.

кібі́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кібіткі. Кібітачны верх.

кібі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Крытая павозка ў качэўнікаў. Цягнуцца з шатрамі, кібіткамі [цыганы] па шырокіх шляхах Беларусі, Падолля, Малдавіі і ўсяго белага свету. Каваль.

2. Пераноснае жыллё ў качэўнікаў; юрта.

3. У сярэднеазіяцкіх рэспубліках — невялікі дом старога тыпу (глінабітны або з сырцовай цэглы).

[Ад цюрк. кебіт, кібіт — лаўка, магазін, ад араб. — купал, скляпенне.]