Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кі́па, ‑ы, ж.

1. Вязка, пачак якіх‑н. прадметаў, складзеных адзін на другі; стос. Кіпа газет. Кіпа пісем.

2. Вялікая ўпаковачная мера тэкстыльнай сыравіны (бавоўны, лёну і інш.). Кіпа пянькі.

кіпары́с, ‑а, м.

Паўднёвае хвойнае вечназялёнае дрэва сямейства кіпарысавых.

[Грэч. kyparissos.]

кіпары́савы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кіпарыса. Кіпарысавы гай. Кіпарысавая алея.

2. у знач. наз. кіпары́савыя, ‑ых. Сямейства хвойных вечназяленых раслін, да якога адносяцца кіпарыс, ядловец і інш.

кіпары́сны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і кіпарысавы (у 1 знач.).

кіпе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. кіпець (у 1, 2 знач.). Тэмпература кіпення.

2. перан. Бурнае праяўленне чаго‑н., душэўнае хваляванне, ўздым. Творчае кіпенне. □ — Юнацтву ўласціва кіпенне, бурленне, — казаў далей абаронца: — Колькі юнакоў-студэнтаў прымала ўдзел у дэманстрацыях, у выступленнях, у бунтах супроць таго ці іншага грамадскага парадку, супроць закону! Хіба можна называць іх злачынцамі? Колас.

•••

Пункт кіпення гл. пункт.

кі́пень, ‑пню і ‑пеню, м.

Вада ў час кіпення; вар. Лявон Муравейка асцярожна выцягнуў кацялок з агню, памачыў у кіпені сухар, пасыпаў на яго солі. Шчарбатаў.

кі́пецень, ‑петню, м.

Абл. Кіпень, вар. [Вова] любіў глядзець, як струмень кіпетню цурчыць у шклянкі. Хомчанка.

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

кіпрыёт,

гл. кіпрыёты.

кіпрыётка,

гл. кіпрыёты.