ко́ўдра, ‑ы, ж.
Пасцельная рэч, якой накрываюцца. Шарсцяная коўдра. □ Накрыўшыся з галавою коўдрай, спаў самы меншы пляменнік Якуб, найлепшы дзядзькаў прыяцель. Колас.
ко́ўзанка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Расчышчанае месца, пакрытае лёдам, для катання; каток. Убачыць зімой на тратуары коўзанку — і няхай сабе тут людзі не людзі, а яна [жонка], як маленькая — раз і пакаўзнулася... Васілевіч.
ко́ўзанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. коўзацца.
ко́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Ссоўвацца са свайго месца, не ўтрымліваючыся на гладкай, слізкай паверхні; слізгацца. Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Галавач. // Слізгаць, слізгацець. Ногі грузнуць па самыя шчыкалаткі і коўзаюцца назад. Дуброўскі.
2. Катацца па слізкай паверхні. Хлапчукамі большую частку нашага вольнага часу мы праводзілі на гэтай рацэ — зімою коўзаліся на каньках. Глебка.
ко́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і коўзацца (у 1 знач.); слізгаць. Боты коўзалі па размяклых камяках зямлі. Быкаў. // Вадзіць, соўгаць па якой‑н. паверхні. Ляксей, пачуўшы перасцерагальны голас Данькі, пачаў коўзаць па падлозе нагамі. Ермаловіч.
ко́ўзка, безас. у знач. вык.
Разм. Пра слізкую дарогу ў час галалёдзіцы або дажджу. Ісці было коўзка, і Арына моцна трымалася за Міхала. Карпаў.
ко́ўзкасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць коўзкага.
ко́ўзкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Зусім гладкі, які не стварае трэння і на якім цяжка ўтрымацца або які цяжка ўтрымаць; слізкі. Коўзкі лёд. □ Усё цяжэй было трымаць раўнавагу на коўзкай ад гразі дарозе, усё горш упраўляліся замлелыя рукі з непаслухмяным рулём. Краўчанка. Зерне было сухое, коўзкае. Пянкрат. // перан. Ненадзейны, небяспечны, такі, што можа прывесці да непажаданых вынікаў (пра жыццёвы шлях, напрамак дзейнасці і пад.). Не блукалі сцежкай коўзкай — Спеў Купалы акрыляў, Арлянят-маладнякоўцаў У палёт благаслаўляў. А. Александровіч.
2. Які мае гладкую паверхню і рухаецца шляхам слізгання. Гэтай зімой, напрыклад, дзед змайстраваў такія саначкі, што лепшых і не прыдумаеш. Лёгенькія, прыгожыя. Кляновыя палазкі добра закручаныя, коўзкія. Рылько.
3. Плаўны, лёгкі (пра паходку, рух і пад.). Даганяем і бачым Жэньку, Сцяпанавага сына. Лыжы ў яго бацькавы, ідзе без палак, упэўнена, моцнымі і коўзкімі крокамі. Хомчанка.
коўзь, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова «коўзацца», «каўзануцца». — [Воўк] — коўзь з ганка ды наўцёкі з двара. Ракітны.
ко́ўка, ‑і, ДМ коўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. каваць (у 1, 3 знач.); каванне. Коўка сталі. Коўка коней.