кош, каша, м.
1. Плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго‑н. Плесці кош. Кош бульбы. Збіраць у кош баравікі. □ Вось цёткі ў вялікіх, абшытых зверху кашах прывезлі кіяўлянам дары палескіх лясоў — чарніцы і суніцы. Няхай.
2. Сплеценая з лазы скрыня, якая ўстанаўліваецца на возе для перавозкі бульбы, мякіны ці іншых сыпкіх рэчываў.
3. Скрынка ў млыне над жорнамі, у якую засыпаюць збожжа для памолу. Касмылю трэба было самому і засыпаць збажыну ў кош і выграбаць муку ў мяхі. Сабаленка.
ко́шанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Кармавая сумесь вікі з аўсом і пад.
ко́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад касіць.
2. у знач. прым. Скошаны. Кошаны луг. Кошаная трава.
ко́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Свойская жывёліна са звычкамі драпежніка, якая ловіць мышэй; самка ката. Кошка злавіла мыш. Кошка мяўкае. □ Кошка вочкі жмурыць, а кіпцюры вострыць. Прыказка.
2. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых (леў, тыгр, барс і інш.). Дзікая кошка.
3. Прыстасаванне ў выглядзе якара з трыма ці больш кручкамі для падымання прадметаў з-пад вады.
4. звычайна мн. (ко́шкі, ‑шак). Прыстасаванне ў форме металічных кручкоў з шыпамі ўсярэдзіне, якое прымацоўваецца да абутку пры пад’ёме на слупы, мачты і пад. // Прыстасаванне ў форме падэшвы з шыпамі, якое прымацоўваецца да абутку пры хаджэнні па скалах, па лёдзе і пад.
•••
Ангорская кошка — асобая парода кошак з доўгай мяккай поўсцю.
Кошкі-мышкі — дзіцячая гульня, у якой той, хто выконвае ролю кошкі, ловіць астатніх удзельнікаў гульні.
На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць — пра трывожны стан, чаканне чаго‑н. непрыемнага.
(Чорная) кошка прабегла (перабегла) паміж кім — сапсаваліся адносіны паміж кім‑н., хто‑н. з кім‑н. пасварыўся.
кошт, ‑у, М ‑шце, м.
Выражаная ў грашах вартасць чаго‑н. або велічыня затрат на што‑н. Кошт гадзінніка. Кошт вытворчасці. Кошт працы.
•••
За кошт чаго — выкарыстоўваючы што‑н. для якой‑н. мэты.
На чый (які) кошт; за чый (які) кошт — на чые‑н. сродкі, грошы.
ко́шык, ‑а, м.
Невялікі кош; тое, што і кош (у 1 знач.). З калгаса прыбег.. Піліпчык. Ён прынёс цэлы кошык, напакаваны ўсякай ежай. Лынькоў. Мы назбіралі з доктарам Ваўковічам грыбоў — ён поўны кошык, а я ўсяго некалькі баравікоў — і селі адпачыць. Васілевіч.
ко́шэр, ‑у, м.
У веруючых яўрэяў — дазволеная іудзейскай рэлігіяй страва.
[Яўр. kāšēr — чысты.]