Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

козагадо́вец, ‑доўца, м.

Той, хто гадуе коз.

козагадо́ўля, ‑і, ж.

Развядзенне коз як галіна жывёлагадоўлі.

козагадо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да козагадоўлі, звязаны з ёю. Козагадоўчая ферма.

ко́зачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да каза; невялікая каза.

ко́злік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да казёл (у 1, 2 знач.); невялікі казёл. Стаіць козлік шэранькі. Бядуля.

2. Тое, што і казёл (у 8 знач.). За варотамі цямнеў сілуэт «козліка». — Сядайце сюды, — салдат бразнуў дзверцамі кабіны. Алешка.

ко́злы, ‑аў; адз. няма.

1. Сядзенне для фурмана ў перадку экіпажа. — У горад, бацька — сказала.. [Алаіза Пашкевіч] старому, што кляваў носам, седзячы на козлах. С. Александровіч.

2. Прыстасаванне для пілавання дроў у выглядзе бруса на чатырох ножках, збітых крыж-накрыж. Яшчэ з раніцы Еўдакім паклікаў Юрку на дрывотнік. Тут стаялі козлы, на іх ляжала навостраная піла. Курто. // Падстаўка такой формы для ўсякіх іншых мэт. Пад адным з .. [дубкоў] стаяў збіты наспех стол на козлах. Мележ. Большасць трактароў, уведзеных у майстэрню, ужо была разабрана: адзін стаяў на козлах, без матора і кабіны, побач ляжалі на падлозе гусеніцы. Хадкевіч.

3. Спосаб расстаноўкі вінтовак у адным месцы па 3–6 штук крыж-накрыж з апорай на прыклад, штыкамі ўверх. Саставіць вінтоўкі ў козлы.

ко́зыр, ‑а, м.

1. Карта той масці, якая лічыцца старшай і б’е любую карту другіх масцей. Біць козырам. Хадзіць з козыра.

2. Пра тое, што можа даць у неабходны момант перавагу ў чым‑н. Мадэрністы, калі іх лаюць за гвалт над здаровым сэнсам, любяць выстаўляць адзін козыр: гэта арыгінальна! У. Калеснік.

•••

Козыр біты чый — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Усе козыры ў руках у каго — хто‑н. мае ўсё неабходнае для ажыццяўлення пастаўленай мэты.

Хадзіць козырам гл. хадзіць.

ко́зыт, ‑у, М ‑зыце, м.

Адчуванне лёгкага нервовага раздражнення, якое выклікаецца дотыкам да скуры. Хлопчык смяяўся ад бацькавага козыту, адпіхваў ручкамі твар, а Анатоль усё цалаваў і цалаваў: шчочкі, лоб, шыю, грудзі. Пальчэўскі.

ко́зытна, безас. у знач. вык., каму-чаму.

Пра адчуванне козыту. Таццяна бачыла, што Тані ўсё ж козытна, але яна не хоча прызнацца і мацуецца. Васілёнак.