ко́ўзкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Зусім гладкі, які не стварае трэння і на якім цяжка ўтрымацца або які цяжка ўтрымаць; слізкі. Коўзкі лёд. □ Усё цяжэй было трымаць раўнавагу на коўзкай ад гразі дарозе, усё горш упраўляліся замлелыя рукі з непаслухмяным рулём. Краўчанка. Зерне было сухое, коўзкае. Пянкрат. // перан. Ненадзейны, небяспечны, такі, што можа прывесці да непажаданых вынікаў (пра жыццёвы шлях, напрамак дзейнасці і пад.). Не блукалі сцежкай коўзкай — Спеў Купалы акрыляў, Арлянят-маладнякоўцаў У палёт благаслаўляў. А. Александровіч.

2. Які мае гладкую паверхню і рухаецца шляхам слізгання. Гэтай зімой, напрыклад, дзед змайстраваў такія саначкі, што лепшых і не прыдумаеш. Лёгенькія, прыгожыя. Кляновыя палазкі добра закручаныя, коўзкія. Рылько.

3. Плаўны, лёгкі (пра паходку, рух і пад.). Даганяем і бачым Жэньку, Сцяпанавага сына. Лыжы ў яго бацькавы, ідзе без палак, упэўнена, моцнымі і коўзкімі крокамі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)