Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́са, ‑ы, ж.

1. Аддзяленне ва ўстановах, прадпрыемствах для прыёму, зберажэння і выдачы грошай і грашовых папер, а таксама памяшканне, дзе знаходзіцца гэта аддзяленне. Білетная каса. Магазінная каса. Разлічыцца ў касе. // Розныя крэдытныя ўстановы, арганізацыі, якія займаюцца галоўным чынам прыёмам і выдачай грошай. Ашчадная каса.

2. Скрынка, шафа для захоўвання грошай, каштоўных папер і інш. Дастаць грошы з касы. // Апарат для збору выручкі на гарадскім транспарце, які працуе без кандуктараў.

3. Наяўныя грошы ўстановы, прадпрыемства. Прыняць касу. □ Сёлета за садавіну і лён паклалі панежычане ў калгасную касу ні мала, ні многа, а кругленькую суму — мільён рублёў! Краўчанка.

4. У друкарскай справе — скрынка, раздзеленая на ячэйкі, са шрыфтам для набору. Наборчая каса.

•••

Каса ўзаемадапамогі — добраахвотнае аб’яднанне членаў прафсаюза на прадпрыемстве, ва ўстанове і інш. для ўзаемнай матэрыяльнай дапамогі.

[Іт. cassa.]

каса́ 1, ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Доўгія заплеценыя валасы. Насіць косы. Заплятаць косы. □ Аж да пят тугія косы ў дзяўчыны той дзівоснай. Дубоўка. Каса — дзявочая краса. З нар.

каса́ 2, ‑ы; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Ручная сельскагаспадарчая прылада, якая складаецца з доўгага загнутага ляза, насаджанага на касільна, і служыць для зразання травы, збожжа і інш. Каса не косіць — каса брые.., Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. Каса роўна і гладка хадзіла ў Цімохавых руках, выядала траву да голай зямлі. Капыловіч.

•••

Ісці ў касе гл. ісці.

Найшла (наскочыла) каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Хоць касою касі гл. касіць ​1.

каса́ 3, ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

1. Доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага; мыс. Пасоўваючыся ўніз па плыні, мы абмінулі вялікую пясчаную касу паміж асноўным рэчышчам і рукавом. В. Вольскі.

2. Вузкая паласа чаго‑н. [Партызаны] прайшлі просеку і, абмінуўшы невялічкі палетак, без развагі падаліся далей, да лясной касы. М. Ткачоў.

каса́ 4, ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Разм. Селязёнка.

каса... (гл. коса...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «коса...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: касавокі, касалапы.

касабо́кі, ‑ая, ‑ае.

З крывым, касым бокам. Касабокі чалавек. Касабокі ўзгорак. □ Зуб’е атрымлівалася трохі касабокае, рознай формы, не аднолькавае таўшчыні. Рылько. // Які пакасіўся набок. Адкрываючы касабокую фортку на вуліцу, .. [Сімон] азірнуўся. Самуйлёнак. [Штрайх] пасалавелымі вачамі пазіраў на двор, на касабокі хлевушок. Лынькоў.

касабо́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Разм. Станавіцца касабокім, крывіцца набок. Домік .. трухлеў, касабочыўся, урастаў у зямлю. Карпаў.

касабо́чыць, ‑бочу, ‑бочыш, ‑бочыць; незак.

1. каго-што. Рабіць касабокім. Шкло было няроўнае, яно касабочыла, крывіла цябе, нібы знарок робячы непрывабнай. Дамашэвіч.

2. Разм. Тое, што і касабочыцца. Мікіта .. мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць і апускаць левае плячо. Чыгрынаў.

касава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. касаваць (у 1, 2 знач.).

касаваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Мужчынская кашуля са стаячым каўняром, які зашпільваецца збоку. Дзверы адчыніў сам Кляновіч у расшпіленай цёмна-сіняй вышытай на каўняры касаваротцы. Пестрак.

касава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі касы. Касаваты позірк. □ Васіль .. ссунуўся з касаватага пня, прылёг на бугарку з сухіх сасновых шыпулек. Кулакоўскі.

касава́цца, касуецца; незак.

1. Зал. да касаваць.

2. Разм. Знікаць, траціцца. Рэдка здараецца, што мяжа паміж перакладам і арыгіналам касуецца. Лужанін.

3. Абл. Бянтэжыцца, губляцца. Маленькія вочкі .. [Грыгарца] ўжо замасліліся, але ён не пасаваўся перад чаркамі і ліў іх, як у бочку. Колас.

касава́ць, касую, касуеш, касуе; незак., што.

1. Выкрэсліваць, закрэсліваць. [Сымон] борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.

2. Адмяняць, ліквідаваць, спыняць дзеянне чаго‑н. Касаваць пастанову. Касаваць дагавор. Касаваць шлюб. □ — І каб дзядзю Мішу далі права, што дазваляць, а што касаваць, — умяшаўся ў размову Смаляк, — ён зруйнаваў бы ўсе стадыёны і спорт-пляцоўкі. Паслядовіч.

3. Пераглядаць, апратэстоўваць рашэнне суда ў касацыйным парадку.

4. Абл. Рабіць непрыкметным, адсоўваць на задні план. Дзеці — два шустрыя, чарнявыя хлапчукі — напалавіну касавалі бяду. Навуменка.