ка́са, ‑ы, ж.

1. Аддзяленне ва ўстановах, прадпрыемствах для прыёму, зберажэння і выдачы грошай і грашовых папер, а таксама памяшканне, дзе знаходзіцца гэта аддзяленне. Білетная каса. Магазінная каса. Разлічыцца ў касе. // Розныя крэдытныя ўстановы, арганізацыі, якія займаюцца галоўным чынам прыёмам і выдачай грошай. Ашчадная каса.

2. Скрынка, шафа для захоўвання грошай, каштоўных папер і інш. Дастаць грошы з касы. // Апарат для збору выручкі на гарадскім транспарце, які працуе без кандуктараў.

3. Наяўныя грошы ўстановы, прадпрыемства. Прыняць касу. ▪ Сёлета за садавіну і лён паклалі панежычане ў калгасную касу ні мала, ні многа, а кругленькую суму — мільён рублёў! Краўчанка.

4. У друкарскай справе — скрынка, раздзеленая на ячэйкі, са шрыфтам для набору. Наборчая каса.

•••

Каса ўзаемадапамогі — добраахвотнае аб’яднанне членаў прафсаюза на прадпрыемстве, ва ўстанове і інш. для ўзаемнай матэрыяльнай дапамогі.

[Іт. cassa.]

каса́ 1,ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Доўгія заплеценыя валасы. Насіць косы. Заплятаць косы. ▪ Аж да пят тугія косы ў дзяўчыны той дзівоснай. Дубоўка. Каса — дзявочая краса. З нар.

каса́ 2, ‑ы; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Ручная сельскагаспадарчая прылада, якая складаецца з доўгага загнутага ляза, насаджанага на касільна, і служыць для зразання травы, збожжа і інш. Каса не косіць — каса брые.., Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. Каса роўна і гладка хадзіла ў Цімохавых руках, выядала траву да голай зямлі. Капыловіч.

•••

Ісці ў касе гл. ісці.

Найшла (наскочыла) каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Хоць касою касі гл. касіць 1.

каса́ 3,ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

1. Доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага; мыс. Пасоўваючыся ўніз па плыні, мы абмінулі вялікую пясчаную касу паміж асноўным рэчышчам і рукавом. В. Вольскі.

2. Вузкая паласа чаго‑н. [Партызаны] прайшлі просеку і, абмінуўшы невялічкі палетак, без развагі падаліся далей, да лясной касы. М. Ткачоў.

каса́ 4,ы́; мн. ко́сы (з ліч. 2, 3, 4 касы́), кос; ж.

Разм. Селязёнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)