Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каза́, ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.

1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.

2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.

3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».

4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.

•••

Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.

Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Козамі сена травіць гл. травіць.

Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.

казаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і козагадовец.

казадо́й, ‑я, м.

Начная насякомаедная птушка з кароткай дзюбай і вялікім ротам. Казадой ляціць мякка і плаўна, бясшумна, як кажан. В. Вольскі. Пад Закалюжжам, там, на Ваўкаўні, гукалі совы; крычаў, аж стагнаў, казадой — птушка начы. Пташнікаў.

каза́к 1, казака і казака; мн. казакі, ‑коў і казакі, ‑аў; м.

1. На Русі ў 15–17 стст. вольны чалавек з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік. Запарожскія казакі. □ Большая частка казакоў складалася з былых прыгонных сялян, якія ўцякалі на Украіну і паўднёвыя вобласці Беларусі ад прыгоннай няволі. «Беларусь».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі з 18 ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанскай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязан несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй. Данскія казакі. // Радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей, якія камплектаваліся з ураджэнцаў вайсковых абласцей. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі. Якімовіч.

3. Ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР.

4. перан. Пра спрытнага, маладога мужчыну. — Па-нашаму было гэтак, — хто хлопец хлёсткі і смелы, той і казак. Брыль.

•••

Вольны казак — пра свабоднага чалавека, які ні ад каго не залежыць.

[Ад цюрк. казак — вольны чалавек.]

каза́к 2, ‑а, м.

Тое, што і казачок (у 3 знач.). Разгарнуў Грамыка полы, Казака йдзе сам-адзін. Колас.

казакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Быць казаком, весці вольнае жыццё казака. // Паводзіць сябе зухавата, смела, рызыкуючы жыццём. — А заўтра я цябе да цешчы на хутар завяду. Спакайней там. Чалавек ты пар[ты]йны, і не варта вось так казакаваць перад немцамі. Асіпенка.

казакі́н, ‑а, м.

Мужчынскае верхняе адзенне на апліках, са зборкамі ззаду.

каза́льніца, ‑ы, ж.

Уст. Амбон. Не веру купленым прарокам, Што з казальніц за грошы лгуць І сочаць прагавітым вокам, Скуль больш чырвонцаў ім нясуць. Купала. Ксёндз узышоў на балкон-казальніцу, адкашляўся і пачаў гаварыць казань. Арабей.

каза́н, ‑а, м.

Абл. Кацёл з круглым дном і шырокім верхам. Медны казан быў, ды палуда ўся аблезла. Сабаленка.

[Цюрк. казан.]

каза́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. казаць (у 1 знач.). [Унук] перабівае ціхую стройную плынь казання і слухання. Гарэцкі. // Размовы, гутарка. — Крычым мы таму, што казаць не ўмеем. Казанне наша мала дапамагае, дык мы крычым. Галавач.

2. Прамова рэлігійна-павучальнага характару; пропаведзь. У нядзелю ў царкве гарачае казанне казаў бацюшка. Скрыган. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас.

казано́к, ‑нка, м.

Абл. Памянш. да казан; невялікі казан; кацялок. Гарыць над самай кручаю касцёр, Рыбацкі казанок на ім дыміцца. Зарыцкі.