Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каха́нак, ‑нка, м.

Разм.

1. Любы, каханы (у 2 знач.). Той вясною дзяўчына чакала, Што з паходу каханак прыйдзе, Вясну радасна так загукала, А каханка... забіў якісь злыдзень. Чарот.

2. Тое, што і палюбоўнік. — Мой адзін знаёмы вось так ажаніўся. А ў жонкі дружок патайны быў. Выпусцілі яго з турмы, ён адразу да яе. Ёй, вядома, ніякага сэнсу не было кідаць майго знаёмага, а каханак не адступаўся. Асіпенка.

каха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Любая, каханая (у 2 знач.). Мне не забыцца ранку Прыгожаю вясной, — Хадзілі мы з каханкай Дарожкай залатой. Броўка.

2. Тое, што і палюбоўніца. Міхась пакутаваў, не маючы досыць рашучасці .. парваць з .. выпадковай каханкай. Машара.

каха́нне, ‑я, н.

Вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу. Першае каханне. Прызнацца ў каханні. □ — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Аб Таццяне.. [Жэнька] думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Шамякін. // Пра чалавека, які выклікае такое пачуццё. Я сам у трывозе: таксама ў дарозе згубілася дзесьці, сюды не бяжыць, не едзе здалёку маё, у вяснушках, каханне. Вялюгін. Пабудзь жа, маё каханне, Пакуль усход разгарыцца. Нядзведскі. // Любоўныя адносіны. Пара кахання. □ Рана магло б і каханне пачацца, ды Валя нікога з знаёмых хлопцаў не любіла. Брыль.

каха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.

2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.

3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.

4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.

каха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Кахаць адзін аднаго. «Магда, Магдачка, Мая кветачка-пралесачка! Не кахацца мне, хлопу, з табою, Ваяводы старога дачкою». Багдановіч.

2. безас. Пра магчымасць кахаць і быць каханым. Вярніся, родны, мне якраз І не кахалася яшчэ! Лось.

каха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць (у 2 знач.). [Маша] не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавітага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. Шамякін. Люблю маладых І люблю пасівелых, Вясёлых люблю, А кахаю адну. Грахоўскі.

кахеці́нец,

гл. кахецінцы.

кахеці́нка,

гл. кахецінцы.

кахеці́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Кахеціі, кахецінцаў, належыць ім. Кахецінскі вінаград. Кахецінскае віно.

2. у знач. наз. кахеці́нскае, ‑ага, н. Сорт вінаграднага віна, якое вырабляецца ў Кахетыі.

кахеці́нцы, ‑аў; адз. кахецінец, ‑нца, м.; кахецінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. кахецінкі, ‑нак; ж.

Грузіны, якія жывуць у Кахеціі — гістарычнай вобласці Усходняй Грузіі.