Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кажамя́ка, ‑і, м.

Уст. Майстар, які вырабляе сырамятныя скуры.

кажамя́цкі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да кажамякі, кажамякаў. Кажамяцкае рамяство.

кажа́н, ‑а, м.

Начная млекакормячая жывёліна з шырокімі перапончатымі крыламі; лятучая мыш. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль. А ў цёмных хадах, з сярэдзіны, вяліся кажаны, якіх мы таксама лічылі за птушак. Дамашэвіч.

кажуры́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Кусок аўчыны.

2. Тоўстая скурка на чым‑н. (яблыку, бульбе і пад.).

кажу́х, ‑а, М ‑жусе, м.

1. Доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын. Абодва [дзяды] былі ў доўгіх кажухах і нават пры рукавіцах: вясна вясной, а ноччу яшчэ ўсяго можа быць. Кулакоўскі. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.

2. Пакрыцце, футляр з жалеза, цэглы, дрэва і пад. для ізаляцыі або засцярогі збудаванняў, механізмаў ці іх частак. Металічны кажух. Кажух кулямёта.

ка́жучы,

Дзеепрысл. незак. ад казаць.

•••

Інакш кажучы (у знач. пабочн.) — іншымі словамі.

Карацей кажучы (у знач. пабочн.) — коратка, без падрабязнасцей, сцісла.

Між (паміж) намі кажучы — тое, што і між (паміж) намі (гл. мы).

Мякка кажучы (у знач. пабочн.) — ужываецца як напамін пра тое, што гаворачая асоба знарок пазбягае рэзкіх слоў аб кім‑, чым‑н.

Не тут кажучы (казана) (у знач. пабочн.) — выражае пажаданне, каб тое непрыемнае, пра што ідзе размова, мінала ўдзельнікаў гутаркі.

Няўрокам кажучы (у знач. пабочн.) — каб не сурочыць.

Па праўдзе кажучы (сказаць); праўду кажучы (сказаць) (у знач. пабочн.) — гаварыць шчыра, адкрыта.

Уласна кажучы (у знач. пабочн.) — па сутнасці.

кажу́шнік, ‑а, м.

Разм. Кравец, які шые кажухі.

кажу́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кажуха (у 1 знач.). Кажушная латка.

2. Зроблены з кажуха або з аўчыны. Кажушныя рукавіцы. □ Ляпнула клямка, з дзвярэй выйшаў ускудлачаны стары ў палатняных сподніках і ў кажушнай камізэльцы. Грахоўскі.

кажушо́к, ‑шка, м.

Памянш. да кажух; кароткі кажух. Стары пацёрты кажушок, у якім ён хадзіў калісьці яшчэ каля клетак з мядзведзямі, быў даволі дрэнным і ненадзейным абаронцам ад холаду. В. Вольскі.