Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.

2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.

3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.

•••

Далажыць па камандзе гл. далажыць ​1.

Як па камандзе — дружна, разам.

кама́ндаванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. камандаваць (у 2 знач.). Прыняць камандаванне. □ Партызаны пад камандаваннем Таміліна кінуліся па грэблі да вёскі. Шчарбатаў.

2. зб. Асобы, якія стаяць на чале войска, вайсковых падраздзяленняў і інш. Вярхоўнае камандаванне. Загад камандавання. □ Таварыш Руднеў! Вы ў гэтым годзе трэцяга парушальніка затрымалі. Прадстаўляем матэрыял камандаванню для ўрадавай узнагароды. Гурскі.

кама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каманду. — Да зброі! — ціха камандуе .. [Рыжы]. Колас.

2. Быць камандзірам чаго‑н. Камандаваць боем. Камандаваць парадам. □ Калі капітан апускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. Лынькоў. Кірыла быў унтэр-афіцэрам і камандаваў сапёрным узводам. Паслядовіч. За час адыходу ад заходняй граніцы [Саўчанка] не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Лупсякоў.

3. перан.; кім-чым, над кім-чым і без дап. Разм. Аддаваць распараджэнне, загадваць. Дзве жанчыны адцягвалі к сцяне лішнюю мэблю, і ўсім гэтым камандавала Валя. Чорны. — Алёша, — камандавала Юлька. — Зараз жа, хоць з-пад зямлі, дастань мне чырвонай фарбы. Даніленка.

каманда́рм, ‑а, м.

Камандуючы арміі.

камандзі́р, ‑а, м.

Начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна. Камандзір палка. Камандзір атрада. Камандзір узвода. □ Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі. // Разм. Аб кіраўніку якога‑н. прадпрыемства, арганізацыі і інш. Камандзір прадпрыемства. Камандзір вытворчасці. // Разм. жарт. Пра чалавека, які любіць распараджацца, камандаваць. — З’явіўся, кажуць, на нашу галаву камандзір, герой! Паслядовіч. — Падумаеш..! Абраўся яшчэ камандзір! Колас.

камандзірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.

камандзірава́ны і камандзіро́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад камандзіраваць.

2. у знач. прым. Які атрымаў камандзіроўку. / у знач. наз. камандзірава́ны і камандзіро́ваны, ‑ага, м.; камандзірава́ная і камандзіро́ваная, ‑ай, ж. Гасцініца для камандзіраваных.

камандзірава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да камандзіраваць.

камандзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго.

Адправіць (адпраўляць) куды‑н. са службовым даручэннем. Раніцай дырэктар атрымаў загад — спешна камандзіраваць студэнтаў на граніцу для рамонту дарог і пабудовы авіяцыйных пляцовак. Якімовіч.

камандзі́раў, ‑ава.

Які належыць камандзіру. Камандзіраў наган. □ [Камандзір] падбег да высокага чалавека, схапіў яго за рукі і пачаў трэсці. Чалавек таксама трос камандзіравы рукі. Чорны.