ка́ра, ‑ы, ж.
Суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць. Панесці кару. Адбываць кару. □ У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд. Колас. Ні бацькі, ні дзяўчат гестапаўцам злавіць не ўдалося: іх папярэдзілі сувязныя. Увесь цяжар кары лёг на кволыя матчыны плечы. Брыль.
кара́, ‑ы́, ж.
1. Паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін, якая звычайна лёгка аддзяляецца. Лазовая кара. Здымаць кару. □ Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Доўгімі і вострымі кіпцюрамі мядзведзіца здзірала кару з дрэў. В. Вольскі.
2. чаго або якая. Верхні цвёрды слой на чым‑н. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карой лужыны. Бядуля. Конь цвёрда ступаў, прабіваючы слабую кару гразі. Гартны. // перан.; чаго. Аб чым‑н. знешнім, паверхневым, за якім хаваецца якая‑н. сутнасць. Дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чорны.
•••
Зямная кара — верхняя цвёрдая абалонка Зямлі.
Кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу; кара галаўнога мозгу — паверхневы слой галаўнога мозгу ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека.
Абрасці карою гл. абрасці.
караба́ты, ‑ая, ‑ае.
Няроўны, скрыўлены, пагнуты. Карабатая дошка. Карабатая паверхня. □ Шумяць дубы, і хвоі, і бярозы, На ўсход паволі хвалі коціць Свіслач, І вербы карабатыя над ёю віснуць. Пушча.
караба́ціна, ‑ы, ж.
Выгіб, скрыўленне, няроўнасць. Чэшучы, выгнаць карабаціну ў бервяне.
караба́цісты, ‑ая, ‑ае.
Карабаты, з карабацінамі. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка. Карабацістыя цені, няўклюдныя, як пачвары, блукаюць па сценах. Асіпенка.
караба́ціцца, ‑ціцца; незак.
Станавіцца карабатым; скрыўляцца, выгінацца. Фанера карабаціцца. □ [Кніга] ляжала на стале, і тонкая папяровая вокладка пачынала жоўкнуць, карабаціцца — ад сонца і дробнай, што пыл, салёнай імжы. Карамазаў.
караба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць; каго-што.
1. Рабіць карабатым; скрыўляць, выгінаць. Языкі полымя ярасна карабацілі абшыўку плоскасці, даставалі ўжо да матора. Алешка.
2. перан. Выклікаць агіду, непрыемнае пачуццё. Але Багдановіча карабаціла ў кніжцы іншае: яна была напісана не з высокіх ідэйных пабуджэнняў, а як помслівенькая скарга. Лойка.
караба́чанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. карабаціць (у 1 знач.) і стан паводле знач. дзеясл. карабаціцца.
карабе́йнік, ‑а, м.
Даўней — дробны гандляр, які разносіў па вёсках свае тавары (мануфактуру, кнігі, дробныя рэчы асабістага ўжытку і інш.). Праходзілі праз Пасадзец розныя людзі: дзегцяры,.. карабейнікі-пешаходы. Бядуля. А ў кузаве сапраўды поўна тавараў, больш, чым у таго карабейніка ў вядомай рускай песні. «Звязда».
карабе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Уст. Быць карабейнікам.
карабе́л, ‑а, м.
Тое, што і караблебудаўнік. Карабелы спусцілі на ваду новае судна.