ка́ра, ‑ы, ж.

Суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць. Панесці кару. Адбываць кару. ▪ У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд. Колас. Ні бацькі, ні дзяўчат гестапаўцам злавіць не ўдалося: іх папярэдзілі сувязныя. Увесь цяжар кары лёг на кволыя матчыны плечы. Брыль.

кара́,ы́, ж.

1. Паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін, якая звычайна лёгка аддзяляецца. Лазовая кара. Здымаць кару. ▪ Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Доўгімі і вострымі кіпцюрамі мядзведзіца здзірала кару з дрэў. В. Вольскі.

2. чаго або якая. Верхні цвёрды слой на чым‑н. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карой лужыны. Бядуля. Конь цвёрда ступаў, прабіваючы слабую кару гразі. Гартны. // перан.; чаго. Аб чым‑н. знешнім, паверхневым, за якім хаваецца якая‑н. сутнасць. Дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чорны.

•••

Зямная кара — верхняя цвёрдая абалонка Зямлі.

Кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу; кара галаўнога мозгу — паверхневы слой галаўнога мозгу ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека.

Абрасці карою гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)