ка́ша, ‑ы, ж.
1. Густая страва з круп, звараных у вадзе або малацэ. Ячная каша. Манная каша. □ Марына паставіла талерку прасянай кашы на малацэ, жоўтай, .. з салодкім пахам. Ермаловіч. Кашы маслам не сапсуеш. Прыказка. // Страва з тоўчанай варанай бульбы. Бульбяная каша.
2. перан. Разрэджаная маса чаго‑н., падобная з выгляду на гэту страву. Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца. Колас. Пад нагамі чвякала каша з мокрага снегу і гразі. Курто.
3. перан. Беспарадак, неразбярыха, калатня. Ён здзіўляўся таму, што жывым і цэлым выбраўся з усёй гэтай кашы. Лынькоў. — От каб цяпер наляцелі самалёты, нарабілі б кашы, — сказаў Шыманскі. Гурскі.
•••
Бярозавая каша — розгі.
Даць бярозавай кашы каму гл. даць.
Заварылася кашы — пачалася якая‑н. непрыемная, заблытаная, клапатная справа.
Заварыць кашу гл. гаварыць.
Каша ў галаве чыёй, у каго — хто‑н. блытана разважае, не мае яснасці ў разуменні чаго‑н.
Кашы не зварыш з кім гл. зварыць.
Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.
Хапіць шылам кашы гл. хапіць.
кашава́р, ‑а, м.
Повар у воінскай часці або ў рабочай арцелі. — Гэй, падсып, падсып, таварыш! Каша просіцца сама, — Лепей Федзі-кашавара Ў цэлай арміі няма. Броўка.
кашава́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да кашавар.
кашава́рня, ‑і, ж.
Памяшканне для гатавання ежы ў арцелі або ў воінскай часці і пад.
кашава́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм. Выконваць абавязкі кашавара. Хто ж на кухні кашаварыць — Рыбу смажыць, кашу варыць? Муравейка.
кашалёк, ‑лька, м.
Кішэнная, звычайна скураная сумачка для грошай. — Колькі з мяне? — спытаў Лемяшэвіч, дастаючы з кішэні кашалёк. Шамякін. // перан. Разм. Пра грошы, багацце.
•••
Пусты кашалёк — пра адсутнасць грошай.
Тугі (тоўсты) кашалёк — пра наяўнасць вялікіх грошай.
кашало́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Буйное марское млекакормячае атрада кітоў, якое мае прамысловае значэнне.
[Фр. cachalot.]
ка́шаль, ‑шлю, м.
Раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам (пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.). Кашаль душыць. □ Праз дзве-тры хвіліны зноў пачуўся кашаль, хваравіты, неадольны. Кулакоўскі. [Маці] увесь час мучыў сухі надрыўны кашаль. Хомчанка. // Разм. Хвароба, якая суправаджаецца гэтай з’явай.
•••
Як хваробе кашаль — ніколькі, зусім (не патрэбен, не памог). [Лютынскі-бацька:] Памагла мне твая пісаніна, як кашаль хваробе. Крапіва.