Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кагадзе́, прысл.

Абл. Толькі што, нядаўна. На ілбе ў .. [Дубіка] з боку чырванеў яшчэ кагадзе загоены шрам. Скрыган. Калі разліюцца паводкі, Бярозы па грудзі ў вадзе, Глядзіш — і, здаецца, лябёдкі Сышлі на ваду кагадзе. Хведаровіч.

кага́л, ‑у, м.

1. Яўрэйскае абшчыннае самакіраванне і сама абшчына ў Польшчы 16–19 стст.

2. перан. Разм. Шумны натоўп, зборышча. У час перакуру ў гаманлівым кагале .. [Тодар], здаралася, забываўся, неасцярожна заглядаўся на дзяўчыну. Вышынскі.

3. у знач. прысл. кага́лам. Разм. Сумесна, гуртам, усе разам. Адзін тут нічога не зробіш. Кагалам, гамузам трэба. Ермаловіч. Бабы кагалам наваліліся на .. [Лявона], адабралі кубак. Кудравец.

[Ад стараж.-яўр. kâhâl — сход.]

кага́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кагалу (у 1 знач.). Кагальны статут.

кага́н, ‑а, м.

Гіст. Тытул правадыра дзяржавы ў цюркскіх народаў у сярэднія вякі. // Асоба, якая мела гэты тытул.

[Цюрк.]

кагана́т, ‑а, М ‑наце, м.

Гіст. Дзяржава, правадыр якой меў тытул кагана. Цюркскі каганат. Хазарскі каганат.

кагане́ц, ‑нца, м.

Прасцейшае прыстасаванне для асвятлення: пасудзіна з тлушчам і кнотам пасярэдзіне. У вёсцы дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі: гараць у хатах каганцы ці тлее на прыпечку лучына. Шамякін. І тут я ўспомніў пра сваё дзяцінства Пад цёмнай саламянаю страхою, З шаптухамі, панамі, знахарамі І невялічкім дымным каганцом. Грахоўскі.

кага́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Абл. Чайка. З ветрам узняўшыся, кружыцца кагарак шэраг. Танк.

кага́т, ‑у, М ‑гаце, м.

Тое, што і бурт.

кага́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кагату. Кагатны ўчастак.

каго́,

гл. хто.