Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кат, ката, М каце; мн. каты, ‑аў; м.

Асоба, якая прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор, ўчыняе кару, катуе. — Не, няхай вешаюць. Да віселіцы буду ісці з паднятай галавой, і пакуль кат пакіне пятлю на шыю, шмат чаго паспею сказаць людзям, якіх, відаць, прыгоняць глядзець на маю смерць. Шахавец. З’явіліся два здаравенныя каты і сталі каля дзвярэй, спадылба паглядаючы на старога, чакаючы каманды, каб накінуцца на ахвяру. Гурскі. // перан. Жорсткі мучыцель, прыгнятальнік. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат... Купала. Жандарскі палкоўнік, вядомы кат па ўсёй акрузе, быў ужо схоплен і ўкінуты ў пограб. Чарот.

катава́льня, ‑і, ж.

Тое, што і засценак ​1. Для цябе [Міхал] былі падрыхтаваны пасткі, катавальні. На цябе былі нацэлены боты, зброя патрулёў і вартавых. Карпаў.

катава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. катаваць.

2. звычайна мн. (катава́нні, ‑яў). Жорсткія фізічныя здзекі, пакуты. Сустрэча са сваім чалавекам, які ў гэтых засценках, пасля ўсіх перанесеных катаванняў, здаваўся яшчэ больш блізкім, надала сілы Святлане. Шахавец. Стары вытрымаў здзекі і катаванне, нічога не сказаў, нікога не выдаў. Новікаў.

катава́сія, ‑і, ж.

1. Песнапенне, што выконваецца абодвума клірасамі, якія для гэтага сыходзяцца разам на сярэдзіну царквы.

2. перан. Беспарадак, мітусня, неразбярыха. Паразумнеў надта малады народ, не слухаюць старэйшых. Ад гэтага і пайшла катавасія на свеце. Колас.

катава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да катаваць.

катава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Моцна, балюча біць, жорстка мучыць. Вядома, Як допыт чыняць там паны, Як б’юць, катуюць, гнуць і ломяць, Як вінавацяць без віны. Колас. Катавалі [зняволеных] гумовымі кіямі, шампаламі, прыкладамі, калолі іголкамі, расціскалі пальцы дзвярамі. Паслядовіч. // перан. Дакараць, прымушаць пакутаваць, мучыцца. — То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохі? Чорны.

катаклі́зм, ‑у, м.

Кніжн. Нечаканы разбуральны пераварот у прыродзе або сацыяльным жыцці; катастрофа. Вулканічныя катаклізмы. Рэвалюцыйны катаклізм.

[Ад грэч. kataklysmos — паводка, патоп.]

катако́мбы, ‑аў; адз. катакомба, ‑ы, ж.

У Старажытным Рыме і іншых гарадах Рымскай імперыі — падзямеллі ў выглядзе доўгіх і вузкіх калідораў, якія служылі для першых хрысціян сховішчам, месцам набажэнства і пахавання. // Падзямеллі, пячоры з вузкімі і доўгімі хадамі.

[Іт. catacomba.]

каталагізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да каталагізаваць.

каталагізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Завесці (заносіць) у каталог. Каталагізаваць новую літаратуру.