Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каб 1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. — Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб 2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

кабала́, ‑ы, ж.

1. Даўгавое абавязацельства ў Старажытнай Русі, якое ставіла пазычальніка ў асабістую залежнасць ад крэдытора.

2. Своеасаблівы від рабства на Русі ў 14–16 стст. — пажыццёвая асабістая залежнасць за нявыплату пазыкі, нядоімкі і пад.

3. Поўная залежнасць ад каго‑н.; паднявольнае становішча; прыгнёт. Памешчыцкая кабала. Трымаць у кабале. □ Гушка імкнуўся вызваліцца ад пана, а трапіў у кабалу да кулака. Пшыркоў.

[Араб.]

кабалі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Сярэдневяковае містычна-рэлігійнае вучэнне яўрэяў, а таксама звязаныя з ім магічныя абрады.

2. перан. Пра што‑н. незразумелае, заблытанае, загадкавае.

[Стараж.-яўр. gabbalah — паданне, традыцыя.]

кабалісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кабалістыкі (у 1 знач.).

2. перан. Які заключае ў сабе асаблівы, таямнічы сэнс; загадкавы.

кабалье́ра, нескл., м.

Тытул двараніна ў Іспаніі. // Асоба, якая мае гэты тытул.

[Ісп. cabellero.]

каба́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кабалы (у 1, 2 знач.). Кабальная залежнасць. Кабальная павіннасць.

2. Які знаходзіцца ў кабале (у 2, 3 знач.); заняволены. Кабальныя халопы.

3. перан. Звязаны з цяжкімі ўмовамі, нявыгадны для аднаго з бакоў. Кабальны дагавор. Кабальныя ўмовы арэнды.

каба́н, ‑а, м.

1. Самец свінні; кныр. // Кастрыраваны самец свойскай свінні; парсюк. У Максімавых варотах, у ямцы, ляжаў і вяла павільваў хвосцікам кабан-кормнік. Капыловіч.

2. Дзікая свіння; дзік, вепр. Вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе. Колас.

кабані́на, ‑ы, ж.

Мяса кабана. — Тут і ваўку да іх цяжка падступіцца, хоць ён да кабаніны і вельмі ласы. В. Вольскі.

каба́нчык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да кабан; невялікі кабан. [Матруна] загадала .. [сыну] выгнаць з хлява ды папасвіць кабанчыка. Марціновіч.

кабарга́, ‑і, ДМ ‑рзе; Р мн. ‑рог; ж.

Горная бязрогая жывёліна сямейства аленевых з мускуснай залозай на жываце (у самцоў).

[Алтайск.]