кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.

2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.

3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.

•••

Далажыць па камандзе гл. далажыць 1.

Як па камандзе — дружна, разам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)