каха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.

2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.

3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.

4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)