каза́, ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.

1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.

2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.

3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».

4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.

•••

Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.

Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Козамі сена травіць гл. травіць.

Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)