Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Адвязаць прычал.

2. Адплысці ад берага (аб суднах, лодках і пад.). Воддаль, выбраўшы момант, каб не замінаць руху буксіраў, ад берага адчаліў паром з калгасным грузавіком. Ракітны. // перан. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. [Марынка:] — Ты думаеш, я намерваюся доўга заставацца тут? Заўтра ж адчалю ў Мінск. Хадкевіч. У горадзе Камені жыла .. родная сястра [Басько] — доктар, і ён адчаліў туды, Дзе не так даўно, як было чуць у вёсцы, яны сумесна купілі дом. Ермаловіч.

адча́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адчальваць — адчаліць.

адча́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адчальваць (гл. адчаліць у 1 знач.).

адча́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адчаліць.

адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.

2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.

3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.

адчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Расчэпліваючы, аддзяліць што‑н. прычэпленае. Шаманскі спрытна адчапіў плугі, і трактар лёгка пабег наперад. Дуброўскі. Зняў [Алесь] ватоўку, скруціў яе і перавязаў аборкай, якую адчапіў ад ашыйніка сабакі. Ваданосаў.

2. Зняць што‑н. начэпленае. Адчапіць значок.

адчапны́, ‑ая, ‑ое.

Такі, які можа быць адчэплены.

адчаранкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Адсадзіць чаранок якой‑н. расліны.

адчарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; зак., што.

Тое, што і адкрэсліць.

адчаса́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адчасаць.