Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднабако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае што‑н. толькі з аднаго боку; які мае толькі адзін бок. Аднабаковы трыкатаж. Авёс з аднабаковай мяцёлкай.

2. Які ахоплівае, закранае толькі адзін бок. Аднабаковае запаленне лёгкіх.

3. Які адбываецца толькі ў адным кірунку; які накіраваны сваім дзеяннем у адзін бок. Аднабаковы рух транспарту. Аднабаковая радыётэлефонная сувязь.

4. Які ажыццяўляецца адным бокам, адной асобай. Аднабаковае спыненне ваенных дзеянняў. Аднабаковыя гарантыі.

5. Вузкі, абмежаваны, які ахоплівае толькі адзін бок з’явы, дзейнасці, інтарэсаў; накіраваны на штосьці адно, на шкоду другому. Аднабаковае выхаванне. Аднабаковае развіццё.

аднабарто́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і аднабортны.

аднабо́касць, ‑і, ж.

Уласцівасць аднабокага. Аднабокасць у развіцці. Аднабокасць пазіцыі.

аднабо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адзін бок большы або розныя па якіх‑н. прыкметах бакі.

2. перан. Накіраваны ў адзін бок, аднабаковы паводле свайго дзеяння, выяўлення. [Насця:] — Сорамна табе, Таня, зайздросціць чужому каханню, ды яшчэ такому аднабокаму. Шамякін.

аднабо́ртны, ‑ая, ‑ае.

Які мае гузікі толькі па краі аднаго борта. Аднабортнае паліто.

аднавале́нтнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць аднавалентнага.

аднавале́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае здольнасць адным атамам утрымліваць адзін атам вадароду. Калі атам элемента далучае або замяшчае адзін атам вадароду, элемент называецца аднавалентным.

аднаве́рац, ‑рца, м.

Чалавек той жа веры, што і другі або другія.

аднаве́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да аднаверац.

аднаве́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аднаверства, аднаверца.