абшарпа́нец, ‑нца, м.
Разм. Той, хто ходзіць у падраным, абшарпаным адзенні. Рэшта былі нейкія незнаёмыя і падазроныя абшарпанцы з тварамі настолькі ж смешнымі, наколькі сур’ёзнымі. Зарэцкі.
абшарпа́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абшарпаць.
2. у знач. прым. Падраны, зношаны, абадраны, абабіты. Апрануўся Апенька якраз як на паляванне: на ім былі мышынага колеру штаны.., абшарпаная скураная тужурка, а на нагах гумавыя боты. Навуменка. Стомленая і запыленая за дарогу, Галіна паставіла сярод двара свой абшарпаны студэнцкі чамадан і зморана села ля яго. Краўчанка. // Адзеты ў падранае, паношанае адзенне, у рызманы. Толькі позняй раніцай, калі людзі ўжо даўно паснедалі, чатыры незвычайныя падарожнікі, абшарпаныя і галодныя, дабраліся да горада. Няхай. Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядаў на абшарпанага маладога чалавека. Чорны.
абшарпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знасіцца, падрацца (пра адзенне). Паліто абшарпалася.
2. Абнасіцца, абадрацца (пра чалавека).
абшарпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Падраць, носячы; абнасіць (пра адзенне). Абшарпаць падол. // Паабдзіраць, падрапаць што‑н. пры неасцярожным працяглым карыстанні. [Аляксей Сцяпанавіч:] — Калоціцца.. [Тарлецкі] над.. [вудзільнамі], як маці над сваім першым дзіцем. Хаця каб не абшарпаць таго лаку, не абламаць канцы. Паслядовіч.
абша́рына, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і абшар. Кароткі зычны залп ускалыхнуў абшарыну. Нікановіч.
абша́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Разм. Вельмі ўважліва, дапытліва агледзець, абмацаць, абшукаць. Абшарыць кішэні. □ З’явіліся паліцэйскія і далажылі, што ўсё абшарылі і нічога не знайшлі. Машара. А ў хаце Гэлькі абшарылі паліцыянты ўсе закуткі, камору, вышкі, перайшлі ў варывеньку, нарэшце, у хлеў. Сташэўскі.
абша́рышча, ‑а, н.
Тое, што і абшар. Напоены сілай абшарышчаў братніх, Падаўся зноў Нёман да мора, як ратнік. Калачынскі.
абша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм., каго.
1. Усё забраць, апустошыць, абрабаваць. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.
2. Абшукаць. [Немцы] перавярнулі ўсе хаты, пуні абшасталі, стагі развярнулі, а мужчын — аніводнага няма. Грахоўскі.
абшлаго́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да абшлага.