або́знік, ‑а, м.
Возчык у абозе; вазак, фурман. Абознікі ішлі па гразі вуліцы побач са змучанымі, стомленымі коньмі. Галавач. Абознікі лаяліся і пагражалі шафёрам пугамі. Шамякін. // Разм. Ваеннаслужачы абозу.
або́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да абозу. Абозны конь. Абозная двуколка. □ Я ўстаў і пайшоў Між палатак абозных. Танк.
2. Звязаны з прадметамі коннага транспарту і з іх вытворчасцю. Абозныя вырабы. // Звязаны з перавозкай абозамі. Абозны прамысел.
3. у знач. наз. або́зны, ‑ага, м. Той, хто суправаджае абоз (у 1 знач.). // Уст. Той, хто служыць у абозе (у 2 знач.).
або́зня, ‑і, ж.
Халодная будыніна для захавання калёс, драбін, саней і іншых прылад. На зіму ўсе калёсы сцягнулі ў абозню. // перан. Разм. Вялікае няўтульнае памяшканне. — Можна было б перагарадзіць, каб лепшым часам, — угадваў Андрэеву думку Мацвей. — Навошта ўжо гэтака абозня. Лобан.
або́і, ‑яў; адз. няма.
Шырокія палосы паперы з узорамі (у мінулым таксама тканіна) для абклейвання ці абівання сцен у памяшканнях; шпалеры. За сценкай з пашматаныя абоямі пачуўся старэчы кашаль. Брыль.
або́йма, ‑ы ж.
1. Металічная рамка для патронаў, якая ўстаўляецца ў магазінную каробку агнястрэльнай зброі. Абойма патронаў. □ У кішэнях падпальшчыкаў ляжалі пісталеты, абоймы з патронамі. Новікаў. // Колькасць патронаў у такой рамцы. Выпусціць абойму патронаў.
2. Дэталь, прыстасаванне ў выглядзе скабы. абруча і пад., якія служаць для змацавання частак машын, збудаванняў і пад. Жале заве тонкая абойма.
або́ймы, ‑аў; адз. няма.
Абрамленне, акружэнне. Азёры ў пышных абоймах лазы Вянком выглядалі квяцістым. Глебка.
або́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да абояў. Абойныя ўзоры. Абойная папера. // Прызначаны для вырабу абояў. Абойная фабрыка.
або́йшчык, ‑а, м.
Майстар па абіўцы мэблі, сцен.
або́лтус, ‑а, м.
Разм. лаянк. Дурны чалавек; грубіян; невук. Хлопец трапіў сюды [у музычную школу] з непаразумення. І ўратавацца ад гэтага аболтуса наўрад ці можна лёгкім жартам. Вітка.
або́ра 1, ‑ы, ж.
Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.
або́ра 2, ‑ы, ж.
Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.