Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абабра́ць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; заг. абяры; зак., каго-што.

1. Зняць плады з дрэва, куста і пад. Абабраць яблыкі. Абабраць маліны. // Вызваліць ад пладоў. Абабраць яблыню. Абабраць сад. // Пазнімаць рукамі што‑н. з чаго‑н. Моніч, адабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы. Бажко. // Сабраць што‑н., беручы жменямі, зграбаючы ў што‑н. Абабраць муку з пода. Абабраць рой у раёўню.

2. Абакрасці, абрабаваць каго‑н. ці абабраць што‑н. ашуканствам, пазабіраць што‑н. у каго‑н. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Чарот.

3. Разм. Пасля пошукаў спыніцца на чым‑н., выбраць каго‑, што‑н. Абабраць месца для маёркі. Абабраць спосаб жыцця. □ З паклонам і павагай [жаніхі] будуць прыязджаць у яе [Эльзы] маёнтак, і яна абярэ сабе самага знатнага і прыгожага. Шчарбатаў.

4. Абрэзаць, зняць лушпінне з чаго‑н. Абабраць бульбіну. Абабраць апельсін.

•••

(Абабраць) да ніткі гл. нітка.

Абабраць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

абавя́зак, ‑зку, м.

Тое, што хто‑н. павінен выконваць у адпаведнасці з грамадскімі або асабістымі патрабаваннямі. Усеагульны воінскі абавязак. Пачэсны абавязак. Пачуццё абавязку. Правы і абавязкі грамадзян. □ Воінская служба ў радах Узброеных Сіл СССР — ганаровы абавязак савецкіх грамадзян. Канстытуцыя СССР. [Жлукта:] Прыбыўшы ў ваш горад, я палічыў абавязкам засведчыць вам сваю пашану. Крапіва. // звычайна мн. (абавя́зкі, ‑аў). Сукупнасць спраў або даручэнняў, ускладзеных на каго‑н. і абавязковых для выканання. Выконваць абавязкі. Ускласці абавязкі. □ Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч.

•••

Несці абавязкі гл. несці.

абавя́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Часцей у знач. вык. з інф. Які мае што‑н. сваім абавязкам, павінен што‑н. выканаць. Успомніў [Піліпчык] самы суровы загад дзядзькі Астапа: усё, што знойдзе ён у лесе ці дзе на полі, абавязаны адразу ж яму паказаць. Лынькоў.

2. каму-чаму. Які знаходзіцца ў даўгу перад кім‑н. Я з маленства табе абавязаны Сэрцам чыстым і светлай душой. Астрэйка.

абавяза́цельства, ‑а, н.

1. Абяцанне або дагавор, якія патрабуюць абавязковага выканання ад таго, хто іх дае. Узяць на сябе абавязацельства. Абавязацельствы перад дзяржавай. Сацыялістычныя абавязацельствы. □ Частка нашых кадраў усё яшчэ не разумее простай ісціны, што любыя ўскладненні ні ў якім выпадку не знімаюць адказнасці за выкананне планаў і абавязацельстваў. Машэраў.

2. Грашовы пазыковы дакумент. Пазыковае абавязацельства.

абавяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; заг. абавяжыся; зак.

Узяць на сябе абавязацельства. Асобныя калгасы пры значным расшырэнні пасеваў ільну абавязаліся дасягнуць яшчэ вышэйшых ураджаяў. «Звязда».

абавяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; заг. абавяжы; зак., каго.

Патрабаваць ад каго‑н. што‑н. выканаць; ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі. [Страмілін:] Я прапаную абавязаць галоўнага інжынера прыняць усе захады, каб канструкцыя была палепшана як мага хутчэй! Крапіва.

абавя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абавязацца.

2. Зал. да абавязваць.

абавя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абавязаць.

абавязко́ва, прысл.

Безумоўна, немінуча, няўхільна. Людзі кажуць: калі поле крадзе, то абавязкова бачыць лес. Непачаловіч.

абавязко́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць абавязковага. Абавязковасць працы для ўсіх працаздольных членаў грамадства.