Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абчарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; зак.

Абвесці лініяй, рыскай што‑н.

абчаса́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абчасаць.

абчаса́цца, ‑чэшацца; зак.

Стаць роўным, гладкім ад часання.

абчаса́ць, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

Чэшучы сякерай, цяслою, зрабіць што‑н. роўным, гладкім. Абчасаць бервяно. □ Мала таго, [дзед] нават памог змайстраваць [калоды]: дзе трэба, абчасаў сякерай, пагабляваў, вычысціў круглай стамескай дупло... Рылько. // Аддзяліць што‑н. ад чаго‑н. чэшучы. Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару. Ядвігін Ш. / у перан. ужыв. — Нас тут [у астрозе] так прапясочылі і абчасалі, такую палітграмату далі, што ні адзін універсітэт не дакажа. Машара.

абча́хлы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ачахлы.

абча́хнуць, ‑не; пр. абчах, ‑хла; зак.

Тое, што і ачахнуць.

абчы́сціцца, ‑чышчуся, ‑чысцішся, ‑чысціцца; зак.

Пазбавіцца ад бруду, пылу і пад. на сваім адзенні, абутку; зрабіцца чыстым. // Пазбавіцца ад налёту на паверхні чаго‑н. (пра што‑н. металічнае). За гэтыя дні ў вёсцы абчысціліся ад зімовай іржы ўсе плугі ды бароны аб сырую зямлю. Чорны.

абчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., каго-што.

1. Вызваліць ад бруду, пылу і пад.; зрабіць чыстым. Абчысціць паліто ад снегу. // Пазбавіць ад налёту паверхню чаго‑н. // Зняць лушпіны, скурку і пад.; абабраць, аблузаць.

2. перан. Разм. Абакрасці, абабраць, абрабаваць. Пакуль ён [Паліводскі] ляжаў ледзьве жывы ў балоце, нехта абчысціў яго пазухі і кішэні. Чорны.

абчышча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абчысціцца.

2. Зал. да абчышчаць.

абчышча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абчысціць.