абці́снуцца, ‑нецца; зак.
Стаць абціснутым; прымяцца.
абці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Сціснуць з усіх бакоў, каб выціснуць вільгаць, ушчыльніць. Злосны на ўсіх на свеце, Суконка абціснуў далонямі штаны, каб з іх сцякла вада, выкруціў анучы і ўсцягнуў боты. Паслядовіч.
2. Прымяць. Абціснуць салому.
абці́хнуць, ‑не; пр. абціх; ‑ла; зак.
Разм.
1. Паслабець у дзеянні, сіле (пра стыхійныя з’явы). Гром абціх. Мяцеліца абціхла.
2. Стаць цішэйшым; паслабець (пра гукі, шум, боль і пад.). Страляніна абціхла. // перан. Трохі супакоіцца; улегчыся. Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.
абцугі́, ‑оў; адз. няма.
Металічны інструмент, які выкарыстоўваецца ў кавальскай справе для захоплівання і заціскання жалеза. Юнак выхапіў абцугамі цяжкі кавалак распаленага жалеза, кінуў яго на кавадла. Гамолка. // перан. Тое, што скоўвае, заціскае развіццё чаго‑н. Горад паказан у абцугах крызісу, у пакутах беспрацоўя і ў барацьбе за дыктатуру працы. У. Калеснік. // перан. Акружэнне, ахоп праціўніка з двух бакоў.
•••
Трапіць у абцугі гл. трапіць.
Узяць у абцугі гл. узяць.
[Польск. obcęgi з ням. Zange.]
абця́гванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абцягваць — абцягнуць.
абця́гвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да абцягнуцца.
2. Зал. да абцягваць.
абця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абцягнуць.
абця́гнуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абцягнуць.