Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абхо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, па якім абходзяць што‑н.; кружны (пра шлях). З поля дамоў Зося таксама праехала абходнаю пагоннаю сцежкаю, каб абмінуць Васілёву хату. Гартны. // перан. Не просты, звязаны з хітрыкамі, падманам (пра дзеянні, паводзіны каго‑н.). Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі лісінымі сцежкамі ідуць у навуку? «ЛіМ».

2. Звязаны з абходам, акружэннем ворага. Абходны манеўр. Абходны марш. Абходная калона.

•••

Абходны ліст гл. ліст ​2.

абхо́дчык, ‑а, м.

Рабочы, які даглядае ўчастак дарогі. Пуцявы абходчык. □ Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч.

абхо́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абхапіць.

абхо́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абхапіць.

абцалава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абцалаваць.

абцалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

Пацалаваць усіх, кожнага; усё, многае. Абніме [Алеся], пацалуе [сына] у лобік, у шчочкі, абцалуе мяккія, такія дарагія ручкі. Скрыган.

абца́с, ‑а, м.

Цвёрдая набойка на падэшве абутку пад пятой; каблук. Алёша стукнуў абцасам аб падлогу, каб бот палез, падцягнуў халявы, выпрастаўся і спакойна пацвердзіў: «Сказаў не пайду — не пайду!» Шамякін.

•••

(Быць у каго, трымаць каго) пад абцасам — быць, трымаць у падпарадкаванні.

абца́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абцаса. Абцасавы цвік.

абцерабі́цца, ‑цераблюся, ‑цярэбішся, ‑цярэбіцца; зак.

Тое, што і ацерабіцца.

абцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.

1. Ачысціць ад галля, бацвіння, лісця і пад. Урэшце, спусціўшы апошняе дрэва на дзялянцы, мы абцерабілі яго і выбраліся на слаба ўезджаную дарогу. Савіцкі. // Абсячы, абрэзаць галлё, бацвінне, лісце і пад. Абцерабіць галлё на дрэве.

2. Разм. Аб’есці. Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Брыль.