Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абурэ́нне, ‑я, н.

Вельмі моцнае незадавальненне, гнеў. Поўныя гневу і абурэння, яны [творы] былі накіраваны супраць несправядлівасці самадзяржаўна-памешчыцкага ладу. Казека. [Віка].. не цярпела інтэнданта; але па строгаму абавязку не магла выказаць свайго абурэння. Вітка.

абу́так, ‑тку, м.

Вырабы са скуры або з іншых матэрыялаў, прызначаныя для нашэння на нагах. Вытворчасць абутку. Скураны абутак. Мадэльны абутак. □ Каля рэчкі дзяўчаты бегалі.. босыя, каб не замачыць у расе абутак. Кулакоўскі. Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў.

абутко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абутку. Абутковая прамысловасць. Абутковы магазін.

абу́тнік, ‑а, м.

Той, хто працуе ў абутковай прамысловасці. Нясуць працоўныя рапарты Першамаю.. стваральнікі новых станкоў і машын, абутнікі, швейнікі, харчавікі. «Звязда».

абу́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да абутнік.

абу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абуць.

2. у знач. прым. Які мае абутак на нагах. Кахаю.. у хустцы і ў косах, У завею і летні гром, Кахаю абутую й босую, з кнігамі і з сярпом. Караткевіч.

абу́х, ‑а, м.

1. Тупая патоўшчаная частка вострай прылады (звычайна сякеры), процілеглая лязу. З глыбіні бору пачуліся глухія ўдары абуха. Якімовіч.

2. Лаянк. Дурань. — Ведаеш, што такое Кашын? — спытаўся Міхал замест адказу. — Абух, які верыць аднаму сабе, а ўсіх астатніх падазрае ў нечым. Карпаў.

•••

Падвесці (падводзіць) пад абух гл. падвесці.

Тупы як абух гл. тупы.

Як (нібы, быццам) абухом па галаве — уразіць раптоўнай непрыемная весткай.

абу́цца, абуюся, абуешся, абуецца; зак.

1. Надзець сабе на ногі абутак. [Бацька] паволі злез з палатак, запаліў лямпачку, абуўся і, уздзеўшы кажушок, пайшоў з ліхтаром у гумно. Чорны.

2. Забяспечыць сябе абуткам. Абуцца на зіму. Сям’я абулася на цэлы год.

абу́ць, абую, абуеш, абуе; зак., каго-што.

1. Надзець сабе ці каму‑н. на ногі абутак. Абуць дзіця. □ Стаіць [яблыня] падобна да тае Дзяўчынкі невялічкай, Што ножкі босыя свае Абула ў чаравічкі. Лужанін.

2. Забяспечыць абуткам. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка.

•••

Абуць у лапці — а) абхітраваць, абмануць. Каза, а не дзеўка — адно вока таўчэ, а другое меле. І пароды хітрай. Ураз у лапці абуе. М. Ткачоў; б) давесці да беднасці. Гулі ў лапці абулі. Прыказка.

абу́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абучыць.

2. у знач. прым. Які атрымаў пэўныя веды, навыкі. Абучаны салдат.