Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адслужы́цца, ‑служуся, ‑служышся, ‑служыцца; зак.

Тое, што і адслужыць (у 1 знач.). Адслужыўшыся некалі ў войску, Сомік не прыйшоў адразу дадому, а яшчэ недзе прападаў гады са два. Крапіва. І акурат у гэты самы час адслужыўся і вярнуўся з арміі Васіль. Васілевіч.

адслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.

1. Прабыць на службе, папрацаваць нейкі час. Міхал Міцкевіч, які адслужыў на панскай службе дваццаць год з хвосцікам, стаў прасіць у ляснічага Рачкоўскага лесу на хату. С. Александровіч. // Адбыць тэрмін вайсковай службы; скончыць служыць. Юстын ужо адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і зараз працаваў на заводзе. Няхай.

2. Службай адплаціць, адрабіць за што‑н. [Чорт:] — Бяры, дзед, яго [чарцяня] да сябе, няхай адслужыць за шкоду. Якімовіч. // Зрабіцца непрыгодным, перастаць адпавядаць свайму прызначэнню. — Шкада лагера, — уздыхнуў Жэнька.. — Але нічога... Сваё ён адслужыў і памірае са славаю, як герой. Шамякін.

3. Адправіць набажэнства. Усе думалі, што Гэлька загінула. Бацька хацеў ужо імшу адслужыць. Чарот.

адслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Праслухаць што‑н. Адслухаць дзве лекцыі.

адсмакта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адсмактаць.

адсмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што і чаго.

1. Смокчучы, адпіць чаго‑н.

2. Выдаліць вадкасць або газ якім‑н. прыстасаваннем, помпай і пад.

адсмалі́ць, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.

Разм.

1. Сказаць, зрабіць што‑н. нечаканае, незвычайнае. [Сашка] выпіў яшчэ адну чарку і адсмаліў: — Практыкант! Ваша вока заўсёды збіраецца падміргнуць. Чаму гэта яно так? Чорны.

2. Моцна збіць, адлупцаваць. А не дагодзіш — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі.

адсма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адсмаліць.

адсмо́ктванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адсмоктваць — адсмактаць.

адсмо́ктвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адсмоктваць.

адсмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адсмактаць.