адслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.

1. Прабыць на службе, папрацаваць нейкі час. Міхал Міцкевіч, які адслужыў на панскай службе дваццаць год з хвосцікам, стаў прасіць у ляснічага Рачкоўскага лесу на хату. С. Александровіч. // Адбыць тэрмін вайсковай службы; скончыць служыць. Юстын ужо адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і зараз працаваў на заводзе. Няхай.

2. Службай адплаціць, адрабіць за што‑н. [Чорт:] — Бяры, дзед, яго [чарцяня] да сябе, няхай адслужыць за шкоду. Якімовіч. // Зрабіцца непрыгодным, перастаць адпавядаць свайму прызначэнню. — Шкада лагера, — уздыхнуў Жэнька.. — Але нічога... Сваё ён адслужыў і памірае са славаю, як герой. Шамякін.

3. Адправіць набажэнства. Усе думалі, што Гэлька загінула. Бацька хацеў ужо імшу адслужыць. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)