Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абсяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсячы (абсекчы).

абсячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. ‑сек, ‑секла; зак., каго-што.

1. Адсякаючы, аддзяліць. Абсячы сучча на дрэве.

2. перан. Спыніць, абарваць каго‑н. Дзе ж.. [хлопцам] пасівець, калі яны цэлы год нібы ў госці на заняткі ходзяць? — абсекла Сашу Люба. Васілевіч.

абсячы́ся, ‑сячэцца; зак.

Тое, што і асячыся (у 2 знач.).

абтава́ць, ‑таю, ‑таеш, ‑тае.

Незак. да абтаць.

абта́лы, ‑ая, ‑ае.

Вызвалены ад лёду, снегу ў выніку яго раставання. Абталыя берагі ракі.

абтапта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абтаптаць.

абтапта́цца, ‑топчацца; зак.

1. Тое, што і утаптацца. На двары пахла яшчэ смалой, ля зруба не абтаптаўся жвір.. і ён разносіўся нагамі па ўсім двары. Пташнікаў.

2. Знасіць, стаптаць абутак. [Рыгор] складна прыгаворваў, што ідуць яны [сваты].. здалёку, доўга хадзілі-блудзілі, шукалі-пыталі, абмачыліся і абтапталіся, нацярпеліся і нагараваліся. Ермаловіч.

абтапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., што.

Абмяць нагамі, утаптаць што‑н. вакол чаго‑н. Абтаптаць сена на возе. □ Тата дастаў з кішэні брусочак падвастрыць сякеру, а мне загадаў абтаптаць каля сасны снег, каб лепей было падсякаць. Пальчэўскі.

абтаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. ‑тоўк, ‑таўкла, ‑таўкло; зак., што.

Разм. Таўкучы, ачысціць ад шалупіння. Абтаўчы ячменю на крупы.

абта́ць, ‑тану, ‑танеш, ‑тане; зак.

Вызваліцца (зверху па паверхні) ад снегу, лёду пры яго раставанні. Акно абтала. // Зменшыцца ў выніку раставання. Ільдзіна абтала.