абаро́нніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які выражае палітыку, настроі абаронніцтва. Абаронніцкая пазіцыя. Абаронніцкія партыі.
абаро́нніцтва, ‑а, н.
Палітыка абароны буржуазнай дзяржавы і інтарэсаў нацыянальнай буржуазіі, якая праводзілася апартуністычнымі партыямі ў часе першай сусветнай вайны пад лозунгам «абароны бацькаўшчыны» і азначала ў сапраўднасці здраду інтарэсам рабочага класа.
абаро́нны, ‑ая, ‑ае.
Які звязаны з абаронай, задавальняе патрэбы абароны. Абаронная магутнасць краіны. Абароннае значэнне. Абаронная прамысловасць.
абаро́нца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
1. Той, хто каго‑, што‑н. абараняе, засцерагае ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў, шкоднага ўплыву; заступнік. Абаронцы міру. □ [Віця] ні на крок не адыходзіў ад дзеда, адчуваючы ў ім клапатлівага і надзейнага абаронцу. Шамякін. [Варожых аўтаматчыкаў] сустракалі абаронцы крэпасці ружэйным і кулямётным агнём. Гурскі.
2. Той, хто адстойвае на судзе інтарэсы абвінавачанага; адвакат. Пасля абвінаваўчае, прамовы выступіў абаронца. Чорны.
3. Ігрок групы абароны ў футбольнай, хакейнай і інш. камандах. Левы абаронца.
абаро́нчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае сваёй мэтай абарону. Абарончыя баі. Абарончая тактыка. // Прызначаны для абароны. Абарончыя збудаванні. Абарончы рубеж. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага. Шахавец.
абаро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Поўны круг, зроблены пры вярчэнні. Кола робіць дзесяць абаротаў за секунду. Працаваць на малых абаротах. // Спец. Перавернуты пласт. Апрацоўка глебы з абаротам пласта.
2. Спец. Сукупнасць работ, аперацый, якія складаюць поўны цыкл у выкарыстанні чаго‑н., а таксама час, неабходны для гэтага. Абарот вагонаў.
3. Абарачэнне грашовых сродкаў і тавараў, гандлёва-прамысловыя аперацыі на ўзнаўленне і атрыманне прыбытку. Пусціць грошы ў абарот. □ За свае дзесяткі або сотні рублёў, якія маленькія людзі кладуць у банкі або ашчадныя касы, яны атрымліваюць працэнты тры або чатыры капейкі на рубель, а багачы складаюць з гэтых дзесяткаў — мільёны, расшыраюць на гэтыя мільёны свой абарот і нажываюць па дзесяць і дваццаць капеек на рубель. Ленін. // Сродкі, тавары, якія знаходзяцца ў абарачэнні. Гадавы абарот. Гандлёвы абарот.
•••
Браць (узяць) у абарот гл. браць.
абаро́так, ‑тку, м.
Разм. Тое, што і абарот (у 3 знач.).
абаро́тлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць абаротлівага.
абаро́тлівы, ‑ая, ‑ае.
Той, хто ўмела вядзе справы; вынаходлівы, энергічны. Чыкілевіч — абаротлівы, кемлівы чалавек, спрытны гаспадар, жыве наводшыбе. Колас.