Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абсу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсушыць.

абсу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсушваць — абсушыць.

абсушы́цца, ‑сушуся, ‑сушышся, ‑сушыцца; зак.

Абсушыць сябе, сваю вопратку. Абсушыцца каля агню. □ Касцёр наш гарэў весела: пакуль сцямнела, мы добра абагрэліся і абсушыліся. Кірэенка. Глянуўшы на яго [Пятра], Сцяпан Фаміч загадаў яму зараз жа ісці да агню, абсушыцца. Краўчанка.

абсушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

Зрабіць сухім; высушыць. Абсушыць мокрую вопратку. □ [Манг] выратаваў.. [дзяўчыну] з вады, перанёс сюды, абагрэў і абсушыў. Маўр.

абсцы́са, ‑ы, ж.

Спец. Адна з трох каардынат, якая паказвае месцазнаходжанне пункта ў прасторы.

[Ад лац. abscissa — адрэзаная, адсечаная.]

абсцэ́с, ‑у, м.

Гнойны нарыў; запаленне тканак якога‑н. органа з нагнаеннем. Аднойчы са здымкамі грудной клеткі зайшоў у палату прафесар і заявіў, што асколкі далі абсцэс лёгкага. Карпюк.

[Лац. abscessus.]

абсыпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсыпа́ць — абсы́паць; абсыпа́цца — абсы́пацца.

абсы́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абсы́паць.

абсы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; зак.

1. Абваліцца, сыплючыся. [Корзун] напэўна не спяшаўся — сляды былі акуратныя, нават у апошняй ямцы сценкі абсыпаліся не больш, чым у астатніх. Шыцік.

2. Пакрыцца, усеяцца мноствам чаго‑н. Зорамі абсыпалася начное неба. Чарнышэвіч. // перан. Разм. Займець многа дзяцей. А як падрос [Барыс] — дык і зусім у ярмо ўпрогся, дзецьмі абсыпаўся, галотай... Нікановіч.

3. Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). Лісце даўно абсыпалася з дрэў. Бядуля.

абсыпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да абсы́пацца.

2. Зал. да абсыпа́ць.

абсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Пасыпаць, пакрыць каго‑, што‑н. зверху чым‑н. сыпкім. Пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч. // Сыплючыся, раскідваючыся, пакрыць паверхню чаго‑н. Пялёсткі яблынь, збітыя начным цёплым дажджом, густа, амаль набела абсыпалі бераг. Хомчанка. // Пакрыць з усіх бакоў што‑н. Пушысты іней абсыпаў кожную галінку, кожную іголачку елак. Жычка. Вочы.. [жанчыны] былі шэрыя, строгія, валасы абсыпала сівізна. Новікаў. // безас. Пакрыць высыпкай. Губы абсыпала. // Уцяпліць што‑н., абкідаўшы зямлёю. Абсыпаць хату.

2. Абтрэсці што‑н. з чаго‑н. [Мікіта] стаяў, як ук[о]паны, каб не варухнуць нагою, каб не абсыпаць з ботаў на падлогу.. гразь. Галавач.

3. перан.; чым. Шчодра абдаць каго‑н. чым‑н. Абсыпаць падарункамі. Абсыпаць кампліментамі. Абсыпаць пацалункамі.

абсыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсы́паць.