карабе́йнік, ‑а, м.
Даўней — дробны гандляр, які разносіў па вёсках свае тавары (мануфактуру, кнігі, дробныя рэчы асабістага ўжытку і інш.). Праходзілі праз Пасадзец розныя людзі: дзегцяры,.. карабейнікі-пешаходы. Бядуля. А ў кузаве сапраўды поўна тавараў, больш, чым у таго карабейніка ў вядомай рускай песні. «Звязда».
карабе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Уст. Быць карабейнікам.
карабе́л, ‑а, м.
Тое, што і караблебудаўнік. Карабелы спусцілі на ваду новае судна.
карабе́ль, ‑бля, м.
Вялікае марское судна. Ваенны карабель. Акіянскі карабель. Служыць на караблі матросам. □ Па разгойдан[ым] бурлів[ым] моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Зарэцкі.
•••
Карабель-спадарожнік — касмічны карабель, выведзены на арбіту спадарожніка Зямлі.
Касмічны карабель — лятальны апарат, прызначаны для палёту чалавека ў космас.
Лінейны карабель — вялікі, добра ўзброены ваенны карабель, прызначаны для правядзення буйных аперацый; лінкор.
Паветраны карабель — дырыжабль або цяжкі самалёт.
Спаліць свае караблі гл. спаліць.
[Ад грэч. kárabos.]
карабе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карабля, належыць караблю. Карабельныя снасці. Карабельны журнал. Карабельны грум. // Які служыць на караблі. Карабельны ўрач. // Прызначаны для будаўніцтва і рамонту караблёў. Карабельная сталь. Карабельная верф.
•••
Карабельны лес гл. лес.
карабе́льшчык, ‑а, м.
1. Уст. Уладальнік карабля. // Той, хто плавае на караблі.
2. Разм. Тое, што і караблебудаўнік.
карабі́н 1, ‑а, м.
1. Баявая вінтоўка з пакарочаным ствалом. Сержант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны.
2. Паляўнічая вінтоўка, з якой палююць на буйнога звера.
[Фр. carabine.]
карабі́н 2, ‑а, м.
Спружыновая зашчапка ў ланцужках, лейцах і пад., якая адкрываецца ўнутр.
[Фр. carabine.]
карабіне́р, ‑а, м.
1. Узброены карабінам салдат асобай вайсковай часці адборных стралкоў у арміях краін Заходняй Еўропы і Расіі да сярэдзіны 19 ст.
2. Жандар у Італіі.
[Фр. carabinier.]
карабіне́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карабінераў, складаецца з карабінераў. Карабінерны полк.
карабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Тое, што і карабін 1. [Дзед] размахваў карабінкай, якою падарыў яго Сёмка-матрос. Лынькоў.