Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Апавіць, абматаць сябе чым‑н. Аблытацца рамянямі.

аблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Апавіць, абвязаць, абматаць што‑н. вяроўкай, дротам і пад. [Ніне] здавалася, што калючы дрот аблытаў, апутаў, як павуцінне, увесь горад. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. свабоды дзеянняў; падпарадкаваць сабе. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў, зрабіць залежнай ад сябе. Хромчанка.

3. перан. Збіць з толку, увесці ў зман. [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, і я вялік грэх мог на душу ўзяць. Глебка.

аблы́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. аблытваць — аблытаць, аблытвацца — аблытацца.

аблы́твацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да аблытацца.

2. Зал. да аблытваць.

аблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аблытаць.

аблюбава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аблюбаваць.

аблюбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Выбраць сабе каго‑, што‑н. па густу, па жаданню. Аблюбаваць жаніха. □ У Пінску ж.. [Лабановіч] і краму сабе аблюбаваў, дзе можна браць сёе-тое напавер, бо грошы не заўсёды бываюць у кішэні. Колас. Чалавек аблюбаваў сабе мясціну, памацаў, каб не было мокра, і лёг. Крапіва.

аблюбёны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і аблюбаваны. [Марына] сядзела ў сваім аблюбёным куточку на канапе і жвава гутарыла з брыгадзірам Зеленюком. Зарэцкі.

аблюбо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. аблюбоўваць — аблюбаваць.

аблюбо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да аблюбоўваць.