Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абрэ́з, ‑а, м.

1. Вінтоўка з укарочаным, абрэзаным ствалом. Ірын бацька пачаў расказваць, як яго, прадстаўніка рабочага класа, камуніста, паслала партыя праводзіць калектывізацыю ў наш Верамеевіцкі раён і як стрэлілі ў яго праз акно з абрэза. Сабаленка. З лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі... Колас.

2. Абрэзаны край, беражок. Кніга з зялёным абрэзам.

•••

У абрэз — без усякага лішку, якраз у меру; малавата.

абрэ́зак, ‑зка, м.

Непрыдатны кавалак, які астаўся пасля разрэзвання чаго‑н. Абрэзак шкла. □ Ля рашоткі дзеці раяцца і, захапіўшы з сабой абрэзкі аполкаў, зноў залазяць у падвал. Гарбук.

абрэ́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абрэзаць (у 1, 2 знач.).

2. у знач. прым. Паранены, пакалечаны. Абрэзаны палец.

абрэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

Параніць сябе чым‑н. вострым; парэзацца. Сухая папараць шорсткая пасля зімы, Ашмаргні галінку — абрэжашся. Пташнікаў. // Нацерці цела чым‑н. цвёрдым (звычайна пра каня). Абрэзаўся і абмуляўся Гнедчык, ісці не хоча, галавою матае. Нікановіч.

абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.

2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.

3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.

•••

Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.

абрэ́зачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да абрэзкі. Абрэзачны цэх.

абрэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. абрэзваць — абрэзаць (у 1 знач.).

абрэ́звацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абрэзацца.

2. Зал. да абрэзваць.

абрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абрэзаць.

абрэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. абрэзваць — абрэзаць (у 1 знач.).