абра́цца, абяруся, абярэшся, абярацца; абяромся, аберацеся; зак.
Тое, што і абабрацца.
абра́ць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; зак., каго-што.
1. Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н., выбраць. Паддубаўскі партызанскі атрад абраў гэта месца, як найбольш зручнае для пераправак. Кулакоўскі.
2. Выбраць галасаваннем (для выканання якіх‑н. абавязкаў). Сваёй працай, актыўным удзелам у грамадскія жыцці Анатоль Сцяпанавіч заслужыў высокае давер’е: нафтабудаўцы абралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета, рэспублікі. Хадкевіч.
абрашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; зак., што.
Зрабіць рашотку на чым‑н. Абрашэціць акно.
абрашэ́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абрашэціць.
абрашэ́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да абрашэчваць.
абрашэ́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абрашэціць.
абро́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абрабіць.
абро́жак, ‑жка, м.
Абл. Раменьчык, які надзяецца на шыю жывёле; нашыйнік. Для Рыжыка гаспадар зрабіў будку, купіў ланцуг і пашыў моцны аброжак з гужа. Дамашэвіч.
абро́к 1, ‑у, м.
Гіст. Натуральны або грашовы падатак, які спаганяўся памешчыкамі з прыгонных сялян; чынш. Збіраць аброк. □ Пранюхаў князь: мужыкі багацей сталі жыць, Маюць хлеб ды з бярозавым сокам. Загадаў аканомам сваім аблажыць Мужыкоў цяжэйшым аброкам. Танк.
абро́к 2, ‑у, м.
Корм для коней, звычайна авёс. Мужчыны павыпрагалі коней, далі ім аброку і таксама пайшлі да гурту. Сачанка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка.
абро́слы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты расліннасцю. На невялічкай палянцы, аброслай з усіх бакоў густым арэшнікам, стаялі і ляжалі людзі, усе падобныя адзін на другога. Чарот. // Пакрыты валасамі, шчаціннем. [Пятроў] з’явіўся на аэрадром раніцаю — увесь аброслы, худы, агрубелы, з запухлым пасінелым горлам. Лупсякоў.