абры́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і забрындацца.
абры́ндаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Тое, што і забрындаць.
абры́нуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абрынуць.
абры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Імкліва ўпасці зверху, абрушыцца, абваліцца. Ён [мост] закалышацца, як дзіцячая калыска, не вытрымае цяжару і абрынецца ў ваду. Сабаленка. Косыя блакітныя ніткі мігатлівай шкляной заслонай захінаў далягляд, і Юрку здалося, што палатка — гэта астравок, на які абрынулася вада. Карпаў. // перан. Нечакана спасцігаць каго‑, што‑н. Няшчасце абрынулася на Марыльку. Сабалеўскі.
2. перан. Імкліва, з вялікай сілай напасці, наваліцца. Не ступіў я і кроку, як раптам у галаве памутнела, паплылі кругі, нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Карпюк.
абры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. З сілай апусціць, зваліць, абрушыць што‑н. на каго‑, што‑н. Хочацца абрынуць на здраднікаў такую дубіну, каб адным махам скрышыць змяіныя гнёзды. Карпюк.
2. перан. З вялікай сілай накіраваць, нацэліць на каго‑, што‑н. Дот абрынуў на галаву калоны кулямётныя чэргі. Хадкевіч. І выйшла так, што Юрка абрынуў на Севу не толькі сваё абурэнне, а і сваю крыўду. Карпаў.
абры́с, ‑у, м.
Малюнак прадмета адной вонкавай рыскай; контур. Я помніць буду скал абрысы І вашу песню, кіпарысы! Пушча. Навакольныя прадметы набывалі ранейшыя, знаёмыя абрысы. Навуменка. // перан. Агульная характарыстыка, беглы агляд чаго‑н. У хадзе распрацоўкі трох тэм, якія ўзніклі яшчэ на зары творчасці, Танк намаляваў у агульных абрысах вобраз новага станоўчага героя. У. Калеснік.
[Ням. Abriss.]
абрысава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абрысаваць.
абрысава́цца, ‑суецца; зак.
1. Вырысавацца, абазначыцца на якім‑н. фоне; набыць выразнасць контураў. У святле вулічнага ліхтара раптам абрысавалася постаць. Арабей. // перан. Зрабіцца ясным, відавочным. Абрысаваўся план экспедыцыі.
абрысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
1. Абвесці рыскай, абчарціць. Вутрым памаўчаў. — Яны гэта, бабы, могуць... Ручку.. [сынаву] абрысавала мне ў другім пісьме. Брыль.
2. Даць характарыстыку каму‑, чаму‑н.; абмаляваць, апісаць. Абрысаваць абставіны.
абрысо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абрысоўваць — абрысаваць і абрысоўвацца — абрысавацца.